«Я з дзяцінства ў харэаграфіі! Патрэбнае штосьці большае, каб мяне зламаць». Топ-10 натхняльных цытат з лістоў беларускіх палітвязняў
Адкрыты музей лістоў беларускіх палітвязняў сабраў у сябе на старонцы ўжо больш за 200 вестачак з-за кратаў. Абралі адтуль адны з самых моцных і натхняльных выказванняў.
01.12.2021 / 21:23
Павел Севярынец:
«Госпад працуе з сэрцамі — і абавязкова аберне зло на дабро. Так было на крыжы, так будзе і ў Беларусі».
Максім Знак:
«Я вось думаю, што калі такое пачуццё ў нацыі з'яўляецца (закаханасць), тады і адбываюцца вялікія здзяйсненні! Чаму ў гісторыі то адны зоркі запальваюцца, то іншыя? Усё дзякуючы каханню!»
Аляксандр Івулін:
«Магчыма, я ўсё яшчэ занадта наіўны, але я працягваю верыць у дабро і святло. Раблю гэта абсалютна шчыра, бо калі перастаць рабіць гэта, то які сэнс у гэтым усім жыць? Як ні круці, але дабра ў свеце ўсё роўна больш. І светлага таксама. І я цяпер зусім не пра піва:)».
Мія Міткевіч:
«Я з дзяцінства ў харэаграфіі! Патрэбнае штосьці большае, каб мяне зламаць».
Ігар Банцар:
«Я ведаю, што рана ці позна пабачу сваіх дзяцей. І гэтая думка дапамагае мне засынаць з усмешкай на твары штовечар. Няважна, ці наша сустрэча адбудзецца праз месяц, год ці дзесяць гадоў… Галоўнае, што наша сустрэча адбудзецца! Кайфую ад гэтай думкі».
Ілюстрацыйнае фота
Вітольд Ашурак:
«Я ганаруся тым, што належу да народа Беларусі. Сапраўдныя героі гэты вы, тыя, хто не здаўся, не саслабеў, хто бароніць сваё права на свабоднае слова! Памятайце: і адзін у полі воін, бо двое — гэта ўжо армія!»
Уладзімір Гарох:
«У цемры можна запаліць свечку, але нельга цемру змясціць у святло. Хай у вашай душы заўсёды свеціць добрае святло і не будзе месца цемры».
Анастасія Міронцава:
«Пару дзён таму над намі пралятаў бусел, калі стаялі на праверцы! Які ён быў прыгожы! Яшчэ і ластаўкі, крумкачы лётаюць. Неба здаецца бясконцым акіянам, а птушкі, што яго рассякаюць, такімі маленькімі! Гэта толькі дадае яму велічнасці».
Марфа Рабкова:
«Хоць на нашу зямлю і спусцілася смута, але я ўпэўненая, што наш світанак будзе не за гарамі. Не мы абіраем часы, а часы — нас. А нам застаецца прайсці годна праз усе нягоды і перашкоды. А галоўная мэта — застацца Чалавекам».
Сяргей Базук:
«Прабачце, што не адказаў адразу. Увесь вольны час пісаў курсавую працу па эканоміцы для дачкі».
Нагадаем, музей «Ляцяць лісты» быў запушчаны высілкамі розных беларусаў свету, якія захацелі сабраць і захаваць лісты ад палітвязняў у адным месцы як гістарычную каштоўнасць. Наўпрост цяпер над праектам працуюць 12 валанцёраў. Асноўная каманда склалася, дзякуючы знаёмству ў камеры на Акрэсціна.
Перадаць ліст музею можа любы ахвотны, трэба толькі даслаць яго на пошту праекта ў выглядзе фотаздымка ці скану.
У планах стваральнікаў праекта — і далей развіваць сайт. У хуткім часе на ім з’явіцца агульны лічыльнік колькасці лістоў, стужка абнаўленняў і беларускі інтэрфейс.