Літаратурную прэмію імя Ежы Гедройця атрымала кніга «Па што ідзеш, воўча?» Евы Вежнавец
Сёння адбылося ўручэнне прэміі імя Ежы Гедройця за найлепшую кнігу па-беларуску, выдадзеную ў 2020 годзе. Упершыню першае месца атрымала жанчына.
26.11.2021 / 17:14
Першае месца заваявала Евы Вежнавец (псеўданім журналісткі Святланы Курс) за кнігу «Па што ідзеш, воўча?»
Другое месца ў Тані Скарынкінай за кнігу «Райцэнтр». Другое месца — гэта творчая стыпендыя на месяц на шведскім востраве Готланд.
Трэцяе месца атрымаў Сяргей Абламейка за кнігу «Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі».
Алкагалічка вяртаецца з Нямеччыны на пахаванне бабулі-варажбіткі — а там цені мінулага. Пісьменніца Ева Вежнавец расказвае пра сваю новую кнігу
***
Цырымонія ўручэння прайшла сёлета ў Варшаве, у Калоннай залю Універсітэта і транслявалася анлайн.
У кароткі спіс 10-га юбілейнага сезону прэміі імя Ежы Гедройця ўвайшлі шэсць кніг:
Сяргей Абламейка. Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі. Мінск, Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2020
Ева Вежнавец. Па што ідзеш, воўча? Мінск, Пфляўмбаўм/Выдавец Раман Цымбераў, 2020
Сяргей Календа. Акварыум. Гісторыя аднаго юнацтва. Мінск, Логвінаў, 2020
Артур Клінаў. Локісаў. Вільня, Логвінаў, 2020
Таня Скарынкіна. Райцэнтр. Мінск, Пфляўмбаўм/Выдавец Раман Цымбераў, 2020
Андрэй Федарэнка. Жэтон на метро. Мінск, Мастацкая літаратура, 2020.
Сёлета ў журы былі: Наста Грышчук, літаратурны крытык; Сяргей Дубавец, журналіст, літаратар, крытык; Максім Жбанкоў, культуролаг, крытык, эсэіст; Анжэла Мельнікава, літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук, прафесар; Алесь Пашкевіч, літаратар, літаратуразнаўца.
***
Прэмія імя Ежы Гедройця ўручаецца з 2012 года за найлепшую кнігу ў жанры мастацкай i дакументальнай прозы і мае статус галоўнай незалежнай літаратурнай узнагароды Беларусі.
Папярэднія пераможцы прэміі: Павал Касцюкевіч «Зборная РБ па негалоўных відах спорту» (2012), Уладзімір Някляеў «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» (2013), Ігар Бабкоў «Хвілінка: Тры гісторыі» (2014), Віктар Казько «Час збіраць косці» (2015), Макс Шчур «Завяршыць гештальт» (2016), Зміцер Бартосік «Быў у пана верабейка гаварушчы» (2017), Уладзімір Арлоў «Танцы над горадам» (2018), Ілля Сін «Libido» (2019), Сяргей Дубавец «Тантамарэскі» (2020).
Арганізатарамі прэміі з’яўляюцца ліквідаваныя беларускімі ўладамі Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў, пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Польшча і Польскага Інстытута ў Мінску.