Клопат бацькоў. Чаму не варта шчасце дзяцей ставіць сабе за мэту
Боль варта не выцясняць, а прыглушаць і перажываць, лічыць папулярны амерыканскі псіхолаг Бэкі Кенэдзі. Тое самае ў выхаванні: бацькі мусяць быць побач з дзіцем у цяжкай сітуацыі, а не вырашаць гэтую цяжкую сітуацыю за дзіця. Не зрабіць шчаслівымі, а навучыць спраўляцца з нягодамі жыцця — вось новая задача бацькоў-міленіялаў, піша New York Times.
16.11.2021 / 20:19
Фота з Depositphotos.com
Вядома, што сучасныя бацькі прысвячаюць нашмат больш часу выхаванню дзяцей, чым бацькі пяцьдзясят гадоў таму: паводле амерыканскага даследавання, час, праведзены з дзіцём за чытаннем, майстраваннем ці хатнімі заданнямі цягам тыдня, вырас з 1,5 гадзіны да 4 гадзін.
Але таксама вядома, што сучасныя дзеці пачуваюцца значна больш няшчаснымі, чым іх папярэднікі.
Доктар Бэкі лічыць, што разгадка такога парадоксу ў тым, на што мы арыентуемся, выхоўваючы дзяцей.
Калі бацькі інтуітыўна робяць усё магчымае, каб дзіця было шчаслівае тут і цяпер, дзіця сапраўды будзе шчаслівае. Тут і цяпер, але ненадоўга. Пакуль яно цешыцца атрыманаму планшэту ці мульціку ў інтэрнэце.
А вось калі такое дзіця сутыкаецца з праблемай ці нягодай у жыцці, яно інтуітыўна будзе спрабаваць любымі сіламі пазбавіцца гэтага нязноснага адчування няшчасця як мага хутчэй.
Бо дзіця запраграмаванае выхаваннем: на няшчасце заўжды мусіць быць нейкі антыдот.
Такое дзіця з часам стане досыць трывожным, бо яно адкрые для сябе страшны факт: жыццё — суцэльны стрэс.
Як жа з самага дзяцінства запраграмаваць іншую рэакцыю дзіцяці на няшчасце?
Бэкі прыводзіць добры прыклад з вежай, якая развальваецца.
Уявіце, што дзіця, якое будавала вежу, раптам бачыць, што ўсё марна: вежа падае. Яно губляецца і вось-вось расплачацца. Што могуць зрабіць бацькі?
Некаторыя бацькі тут жа кінуцца суцяшаць дзіця, паправіўшы кубікі і дабудаваўшы вежу самастойна. Насамрэч яны не толькі суцяшаюць малога ў гэты момант, але і закладаюць фундамент яго будучых пакут. Бо чаму яны вучаць дзіця, папраўляючы кубікі замест яго? Любым спосабам уцякаць ад слёз і расчаравання.
Некаторыя бацькі разважліва папярэдзяць: што ж, бяда, але так бывае. Гэта таксама не ідэальны варыянт, паводле доктара Бэкі, бо так мы вучым дзяцей назапашваць менавіта гэтую негатыўную эмоцыю і заставацца з ёй сам-насам.
Ідэальны варыянт, лічыць доктар, сказаць дзіцяці, што вы не будзеце папраўляць вежу, але пабудзеце побач з малым. У такім выпадку дзіця атрымае сігнал: ага, дарослыя не чакаюць, што я цалкам «патушу» гэтую крыўду, але яны тут, побач, і ад гэтага крыўда становіцца трошкі менш пякучай.
Не выкідаць, а прыглушаць балючае
Доктар Кенэдзі расказвае, што тое самае робіць і з дарослымі пацыентамі. Напрыклад, калі да яе прыходзяць людзі з буліміяй ці анарэксіяй, яна так іх і папярэджвае: калі ваш арганізм выкідае назад усю ежу, вам здаецца, што вы ачысціліся не толькі ад ежы, але і ад усіх непрыемных перажыванняў у сваім жыцці.
Дык вось у сваёй сістэме лячэння яна не прапануе «выкідаць» цалкам нешта балючае і непрыемнае са свайго жыцця. Яна прапануе разам з ёй прыглушыць гэтае перажыванне: з 10 да 9, пасля з 9 да 8. І ўжо пасля гэтага навучыцца неяк жыць у гэтым свеце разам з тымі ўспамінамі і даваць сабе рады.
А што з трывожнасцю саміх бацькоў?
Бэкі падкрэслівае, што, дапамагаючы дзецям, дбаючы пра найлепшае выхаванне, бацькам варта думаць і пра дапамогу самім сабе.
Бо сённяшнія бацькі маюць шмат трывог і мала рычагоў паўплываць на тыя трывогі.
І найперш на галоўнае зло, якое пераследуе нас цяпер, — пустату.
Доктар Кенэдзі заўважае, што ў свеце, дзе для нас так важна, як нас ацэняць іншыя, мы пачынаем «выбудоўваць» сябе не знутры, а звонку. І раней ці пазней сутыкаемся са страшнай з’явай — пустатой унутры. Каб такога не было, дарослым варта слухаць свае адчуванні і падбіраць словы, каб іх апісаць.
І ў гэтым бацькам, гэтак жа як і дзецям, патрэбная дапамога, бо нам усім, і вялікім, і малым, важна адчуваць, што ў нас вераць, нас падтрымліваюць і мы не пакінутыя сам-насам са сваімі нягодамі.