«Гэта ўсё, што ў нас ёсць, Што было і што будзе. І досць!» Новыя вершы паэтаў — Ганна Севярынец, Сцебурака, Хадановіч
У новай рэальнасці найлепшыя беларускія творцы змяшчаюць свае новыя творы ў сацыяльных сетках.
13.11.2021 / 18:16
Ганна Севярынец. А яна едзе
Легкавая машына выязджае з Амсцілава ў Брэст
Імчыць па трасе, мінае поле і лес,
І пакуль яна едзе, кагосьці вязуць на Акрэсціна,
Пераводзяць у калонію, запрашаюць на хрэсьбіны,
Частуюць сняданкам, плачуць над мёртвымі,
Кладуць на ІВЛ, караюць соднямі,
Віншуюць з народзінамі, набываюць у краме ежу,
Блукаюць па вуліцах, штурмуюць межы,
Вераць суседзям, даносяць на суседзяў,
А яна едзе.
На гэтай гары, на шалёным вятры
Слупянееш ад таго, што звонку, і ад таго, што знутры,
Вены стыгнуць халоднымі рэчкамі,
Падаюць навокал блізкія, як падсечаныя,
Рассыпаюцца ў попел, узлятаюць у неба,
Нібы не было, нібы адразу быў небыт,
Але машына едзе ў Брэст з Амсіцслава,
Яна выязджала, калі ўсё было не так, як стала,
Усё ўжо ўпала, а яна яшчэ на шляху
Падарункі для родных у мяху,
І нібыта нічога няма нідзе -
Яна едзе, жыццё ідзе.
Усевалад Сцебурака. Вечная мерзлата
Нехта піша, што снег ідзе -
я гляджу і не бачу
дзе?
Гэта попел
свой грым кладзе.
Ён на скронях
і на вадзе.
Нехта кажа —
узяў мароз.
Гэта жах
што працяў наскрозь.
Ён працяў,
запаволіў рух,
сэрцабіцце
і сілу рук.
Нехта кажа —
прыйшла зіма.
Але й гэта кажуць дарма.
Мы даўно ўжо
як снежны ком
і жывём як пад ледавіком…
Андрэй Хадановіч. Вальс (паводле Коэна і Лоркі)
Роўна пяць гадоў таму сышоў Леанард Коэн. Фантастычны паэт, які спяваў нязменна геніяльныя вершы. Зрэдку нават не толькі свае. Так стала з песняй «Вальс», якая — вольны пераклад з гішпанскай «Маленькага венскага вальса» Лоркі. (Коэн багоміў гэтага паэта, нават сваю дачку назваў Лорка.) А я, седзячы ў Вене, магу толькі прапанаваць свой вольны пераклад таго вольнага перакладу.
Ёсць у Вене дзесяць жанчынаў
У адной плача Смерць на плячы
Сорак лоджыяў зь відам на дрэва
Дзе ўміраюць галубкі ўначы
Ёсць халодная раніца ў раме
На выставе завеяў і гурб
Ай-яй-яй-яй!
Атрымай гэты вальс
Гэты вальс да закушаных губ
Ад жадання, жадання, жадання
Паміраю й жадаю далей
У пячору, дзе рэўнасці здані
Заблукалі ў пялёстках лілей
Дзе не спіць неспатольная поўня
На гарачай тваёй прасціне
Ай-яй-яй-яй!
Утрымай гэты вальс
Гэты вальс на апошняй струне
Наш вальс, наш вальс хвастом мяце
Па хвалях віна, быццам змей па вадзе
І цягнецца смерць у хвасце
Ёсць у Вене храм велічных музаў
Дзе на біс выклікалі твой рот
Побач з барам, дзе брытвамі блюзаў
Рэзаў горла музычны народ
А пасля да твайго пастамента
Нёс букет свежазрэзаных слёз
Ай-яй-яй-яй!
Затрымай гэты вальс
Што памёр для цябе і ўваскрос
Ёсць гарышча, дзе бавяцца дзеці
Прыдумляючы рыфму да «кроў»
У святле самых лепшых на свеце
Будапешцкіх старых ліхтароў
Перад сном — за авечкай авечка
Абяцанкі, як траўку, скубе
Ай-яй-яй-яй!
Падтрымай гэты вальс,
Што «ніколі не кіне цябе!»
Наш вальс, наш вальс на чвэрць з віна
А рэшту музыка вып’е адна —
Тры чвэрці смерці да дна
Я пушчу гэты танец па Вене
І ракою цябе панясу
Апушчуся, як раб, на калені
Каб сабраць тваіх сцёгнаў расу
Затрымаю імгненне ў абдымках
Дні і ночы, і ўсё, што паміж
І ніхто не пабачыць на здымках
Маю танную скрыпку і крыж
Хай цячэ па артэрыях Вены
Мая жарсць і твая прыгажосць
Захавай гэты вальс!
Гэта ўсё, што ў нас ёсць,
Што было і што будзе. І досць!