Гонар бацькоў за поспехі дзяцей. У чым тут пастка

На сустрэчы выпускнікоў заўжды знойдзецца нехта да крыўднага паспяховы. Чаму нікому побач з такім чалавекам ужо не хочацца расказваць пра свае «нязначныя» кар’ерныя дасягненні? Як мы інтуітыўна змагаемся з так званай «статуснай трывожнасцю»? І пры чым тут празмерны гонар за дзяцей? Адказы на гэтыя пытанні даюць Айша Імціяз і Браян Лафкін з BBC. 

14.11.2021 / 18:33

Фота: depositphotos.com

Інстынктыўна людзі, чый прафесійны статус трапляе пад удар, фіксуюцца на поспехах у той сферы, дзе справы ідуць лепш. Калі ў іх ёсць дзеці, у моманты крызісу яны з непрапарцыйным імпэтам транслююць усяму свету дасягненні дзяцей.

Праблема ў тым, што людзі жывуць з перакананнем, нібыта поспех і багацце магчымыя толькі праз ахвяру: нешта ў культуры незаўважна пераконвае нас, што, каб дабіцца кар’ернага росту, давядзецца ахвяраваць часам з сям’ёй ды адносінамі з блізкімі і сябрамі. У гэтыя ж сферы жыцця мы ўцякаем ратавацца, як толькі нешта ідзе не так на працы (а ў кавідныя часы гэта асабліва актуальна). Часам наносячы шкоду самім дзецям ды і сабе пры гэтым.

У даследаванні «Пераключэнне статусаў» Энет Кейнен расказвае пра некалькі эксперыментаў, якія падмацоўваюць гэтую тэорыю. Напрыклад, яна прааналізавала 113 бампераў машын, прыпаркаваных ля аднаго прэстыжнага клуба ў швейцарскім гарналыжным курорце Кран-Мантана.

На элітных машынах амаль не было налепак, а вось на звычайных машынах — самыя розныя пасланні свету: ад таго, што кіроўца займаецца экстрэмальнымі відамі спорту, да таго, што ў кіроўцы ў прынцыпе ёсць дзіця (вядомы малюнак дзіцячай нагі са словамі «дзіця ў машыне»).

Жаданне павысіць самаацэнку, хвалячыся дасягненнямі дзяцей, уласцівае і мужчынам, і жанчынам у аднолькавай ступені. І тыя, і тыя даходзяць да прыкрай апантанасці.

Нехта бегае каля футбольнага поля, дапамагаючы дзіцяці парадамі — куды біць. Нехта перагружае дзіця акадэмічнымі заняткамі і дадатковымі ўрокамі. Нехта ганіць у каментарах ці бацькоўскіх чатах «перакусы», якія іншыя мамы збіраюць сваім дзецям: маўляў, надта вострыя ці надта салёныя, а вось я сваё дзіця люблю больш, таму прыкладаю больш высілкаў, каб сабраць правільную ссабойку!

Пры гэтым жаданне павысіць сваю каштоўнасць так засціць вочы, што бацькі забываюць пра галоўнае: найлепш з бацькоўствам спраўляюцца тыя, у каго дзіця шчаслівае, вырастае самастойным, умее і хоча сябраваць з іншымі людзьмі, падкрэслівае прафесар псіхалогіі Каліфарнійскага ўніверсітэта Рос Томпсан.

Даследчыкі таксама нагадваюць, што не варта глядзець на жыццё, як на апазіцыю «кар’ера — сям’я». Заўсёды добра памятаць, што суцяшэнне можна знайсці і ў іншых занятках. У жыцці дакладна ёсць хаця б некалькі сфер па-за працай і сям’ёй, дзе кожны можа адчуць сябе паспяховым і значным.

Nashaniva.com