У судзе над шасцю палітвязнямі ў гомельскім СІЗА абвясцілі перапынак на два тыдні

04.11.2021 / 17:25

Пра тое, што ў судзе абвешчаны перапынак, паведаміла ў фэйсбуку жонка палітвязня Міколы Статкевіча Марына Адамовіч.

Суд над Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам, Міколам Статкевічам, Уладзімірам Цыгановічам, Дзмітрыем Паповым і Арцёмам Сакавым ідзе ў закрытым рэжыме ў будынку гомельскага СІЗА з 24 чэрвеня. Адвакаты далі падпіску аб неразгалошванні, таму пра акалічнасці працэсу нічога не вядома. Усім шасці фігурантам справы пагражае да 12—15 гадоў пазбаўлення волі.

13 кастрычніка споўнілася 500 дзён з моманту затрымання Міколы Статкевіча. 31 мая 2020 года яго выцягнулі з аўтамабіля па дарозе на мінскі Камароўскі рынак, дзе Статкевіч збіраўся паўдзельнічаць у перадвыбарчым пікеце Святланы Ціханоўскай.

Судзіць Міколу Статкевіча пачалі разам з Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам, Арцёмам Сакавым, Дзмітрыем Паповым: Уладзімірам Цыгановічам у канцы чэрвеня 2021-га.

Па словах Марыны Адамовіч, Мікола Статкевіч не чакае лагоднага прысуду. Разам з Ігарам Аліневічам яго можна назваць «рэцыдывістам», таму вынесены прысуд, хутчэй за ўсё, будзе альбо максімальным з магчымага, альбо блізкім да яго.

Сяргей Ціханоўскі лічыць, што яго прысудзяць да 15 гадоў пазбаўлення волі

Nashaniva.com