«У мэтах эканоміі самалёты абслугоўвалі самі». Што вядома пра авіякампанію «Гродна», чый самалёт разбіўся ў Расіі?
Грузавы самалёт Ан-12 беларускай авіякампаніі разбіўся пад Іркуцкам 3 лістапада. На борце было сямёра членаў экіпажа, трое з іх — беларусы. Прадстаўнікі авіякампаніі пакуль адмаўляюцца ад каментароў. У сеціве можна знайсці артыкул выдання «Транспартны веснік» за 2018 год, прысвечаны авіякампаніі «Гродна».
03.11.2021 / 17:45
Ан-12. Такі ж самалёт разбіўся пад Іркуцкам. Гэта транспартны самалёт, здольны перавозіць да 21 тоны грузаў.
Авіякампанія «Гродна» была зарэгістраваная 6 сакавіка 2003 года. Гэта адкрытае акцыянернае таварыства, 100% акцый якога належыць дзяржаве. Яна мае 16 грузавых самалётаў: Ан-32, Ан-30, Ан-12 і адзінаццаць Ан-2. Самалёты працуюць па ўсім свеце. Акрамя грузавых перавозак кампанія робіць аэрафотаздымкі, аглядныя палёты і трансферныя рэйсы ў мінскі аэрапорт.
«У 2017 годзе авіякампаніяй «Гродна» быў забяспечаны безаварыйны 1111-гадзінны налёт, без авіяцыйных здарэнняў. Паветранымі судамі перавезена 1941 тона грузаў, грузаабарот склаў каля 2150 тысяч тона-кіламетраў, — расказваў дырэктар ААТ «Авіякампанія Гродна» Алег Качалаў. — Нашы самалёты выконвалі палёты ў краіны Еўрапейскага Саюза, Грузію, Казахстан, Афганістан, Іран, Індыю. На працягу месяца Ан-12 авіякампаніі дастаўляў гуманітарныя грузы з Джыбуці ў Емен у рамках Сусветнай харчовай праграмы ААН».
Начальнік участка па тэхнічным абслугоўванні паветраных судоў Дзмітрый Гарманенка, які працаваў у авіякампаніі з 2004 года, казаў: «Для нас асноўнае — забяспечыць бяспеку людзей, тэхнікі, грузаў. Авіяцыя памылак не даруе, таму кантроль у нас найстражэйшы. У 2009 годзе авіякампанія вырашыла пашырыць сферу дзейнасці: ажыццяўляць грузавыя перавозкі, для чаго ўзяла ў арэнду Ан-32, у 2015-м тры Ан-12, якія могуць дастаўляць па прызначэнні да 20 тон грузу.
Прычым тэхнічнае абслугоўванне гэтых самалётаў прадпрыемства праводзіць самастойна. Навучыліся мы ў мэтах эканоміі на сваёй вытворчай базе аднаўляць і рамантаваць Ан-2. Усё, што можна зрабіць ва ўмовах прадпрыемства, стараліся выконваць самі.
Падрыхтавалі мы і шэраг сваіх спецыялістаў па тэхнічным абслугоўванні Ан-12, хоць раней карысталіся дапамогай запрошаных. Вось цяпер стаіць на абслугоўванні адзін самалёт, і да падаўжэння рэсурсу яго рыхтуюць нашы тэхнікі і інжынеры.
Падыдзе неўзабаве яшчэ адзін наш Ан-12, які працуе ў раёне Афганістана, будзем яго абслугоўваць. Мы пастаянна працуем над тым, каб у нас было як мага больш сваіх спецыялістаў.
Каля месяца-двух працягваецца абслугоўванне крылатай машыны, а затым працу праводзяць супрацоўнікі канструктарскага бюро Антонава, якія прыязджаюць у Гродна з Кіева. Пры правядзенні ўсіх работ абавязковы двухузроўневы кантроль. Якасць работ гарантаваная, прадпрыемства сертыфікавана па стандарце ISO».
Дарэчы, дырэктар прадпрыемства Алег Качалаў сам лятае на Ан-30 штурманам. «Аэрафотаздымачныя работы ідуць у Беларусі і за яе межамі. Калі ў нейкія перыяды яны не праводзяцца, самалёт выкарыстоўваецца ў якасці грузавога, прастойваць падрыхтаваным крылатым машынам тут не дазваляюць», — паведамлялася ў артыкуле.
Таксама авіякампанія абслугоўвае лайнеры іншых арганізацый, забяспечваючы пры гэтым працай свой інжынерны склад.
У цяперашні час на прадпрыемстве сур'ёзна задумваюцца аб набыцці авіятэхнікі заходняга ўзору. Бо, атрымліваючы заказы, авіятары сутыкаюцца і з такім меркаваннем: «Савецкая тэхніка добрая, але вось менавіта ў гэтых умовах нам патрэбныя іншыя самалёты».
«Грузавы самалётны парк выкарыстоўваем савецкай пабудовы. Замяніць Ан-12 не змаглі б: пасля распаду Савецкага Саюза нічога падобнага не выпускалася. Зараз вызначаем той тып самалёта, з якім лепш за ўсё будзе працаваць, — казаў дырэктар Качалаў. — Заходнія самалёты патрабуюць досыць высокага ўзроўню валодання тэхнічнай англійскай мовай, і мы ўжо пачалі рыхтаваць такіх спецыялістаў.
Ды і ў цэлым моладзь арыентуем на пастаяннае ўдасканаленне. Шмат выдатных хлопцаў у апошнія гады прыйшло да нас з Беларускай акадэміі грамадзянскай авіяцыі. Сярод іх інжынер па эксплуатацыі самалётаў і рухавікоў Дзмітрый Гарманенка».
Інжынер Дзмітрый Гарманенка — адзін з загінулых у катастрофе пад Іркуцкам, дзе разбіўся АН-12 гродзенскай кампаніі.