Памёр архітэктар Вальмен Аладаў — аўтар «Камароўкі», «Цэнтральнага», «Акіяна»
Вядомага беларускага архітэктара не стала 2 лістапада. Ён пражыў 91 год, паведамляюць Мінск-навіны.
03.11.2021 / 14:39
Мінск-навіны
Ён нарадзіўся ў 1930 годзе ў сям'і беларускага кампазітара, рэктара кансерваторыі Мікалая Аладава і дырэктара Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР Алены Аладавай.
Вальмен Аладаў спачатку працаваў у Інстытуце «Белдзяржпраект». Пазней стварыў і ўзначаліў беларускі дзяржаўны інстытут праектавання прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання «Белгіпраторг».
Спецыялісты гэтага інстытута на чале з Аладавым у савецкі час здзейснілі рэвалюцыю ў сістэме заводскіх сталовых, распрацаваўшы і ўкараніўшы аўтаматызаваныя лініі раздачы страў, якія дазволілі ў некалькі разоў паскорыць абслугоўванне.
Гэта выключала чэргі, а сістэма безнаяўных разлікаў спрашчала аплату. Пілотны праект апрабавалі на Мінскім аўтамабільным заводзе. Потым па такім прынцыпе працавалі 3 тыс. сталовых па ўсім СССР.
Менавіта з падачы Аладава ў 1976-м у Мінску з'явіўся першы ў БССР універсам — «Фрунзенскі» — буйны магазін, які працаваў па прынцыпе самаабслугоўвання.
В. Аладаў — аўтар 100 будынкаў, збудаванняў і архітэктурных ансамбляў. Самыя вядомыя яго працы — Камароўскі рынак, спартыўны комплекс «Раўбічы», таксама ўніверсамы «Серабранка», «Цэнтральны», ансамбль жылых дамоў на рагу пр.Незалежнасці і вул. Казлова з крамай «Акіян» у Мінску, шэрагу іншых жылых дамоў. Праектаваў майстэрню-музей скульптара Заіра Азгура, клуб-сталовую санаторыя «Беларусь» у Місхоры, інтэр'еры, помнікі, малыя формы, экспазіцыі міжнародных і рэспубліканскіх выстаў і інш.