«Трапіла ў спіс іудаў». Чэмпіёнка Беларусі па конным спорце пра тое, як адмовілася падпісваць праўладны ліст і з'ехала ў Польшчу
Вольга Сафронава — чэмпіёнка Беларусі па конным спорце. Яна падпісала пісьмо спартоўцаў супраць гвалту і не трапіла на Алімпіяду. Чыноўнікі сказалі, што ў яе каня праблемы са здароўем, хоць незалежнае абследаванне за мяжой паказала, што конь гатовы быў да спаборніцтваў. Цяпер Вольга жыве ў Польшчы і рыхтуецца выступаць за іншую краіну.
30.10.2021 / 15:06
Пра догляд коней (у іх ёсць нават спецыяльны салярый), нядопуск на Алімпіяду, гонар быць беларускай і планы на вялікі спорт дзяўчына расказала ў інтэрв’ю ютуб-блогу «Максімальна».
Некалькі цытат з інтэрв’ю.
Пра нядопуск на Алімпіяду, якая мусіла стаць першай для Вольгі
«Мы знаходзіліся ў Ратамцы на вучэбна-трэніровачным зборы, і была фінальная ветэрынарная камісія, на якой павінны былі сказаць, у якой форме знаходзіцца конь. На гэтай камісіі было заключэнне, што мой конь кульгае і не будзе дапушчаны.
Тры дактары глядзелі, як яна бегае па цвёрдым грунце (асфальту), мяккім (пяску), рабілі УГД. Хоць калі я прыехала ў польскую клініку, зрабілі яшчэ рэнтгены спіны, шыі, патыліцы, абследавалі каня больш дэталёва, чым на ветэрынарнай камісіі ў Мінску, праблем не знайшлі.
Я з гэтым канём 10 год, я ведаю яго. Былі сумневы, што нешта на УГД не так, я ж не магу бачыць, але гэта не пацвердзілася».
Пра месца ў рэйтынгу наезніц
«Толькі дзве беларускія спартсменкі (я і Ганна Карасёва) былі ў топ-100 сусветнага рэйтынгу да каранавіруса. У нас мала магчымасцяў, у тым ліку фінансавых, выступаць у Еўропе. Складана прывезці коней: толькі праходжанне мяжы займае 10 гадзін. Такое вымотванне жывёл ніколі не прывядзе да добрага выніку.
Але ў нашай зоне, цэнтральнаеўрапейскай, дзе каля 26 краін, заўсёды Беларусь, Расія і Украіна займалі лідзіруючыя пазіцыі.
Федэрацыя коннага спорту Польшчы зацікаўлена ў супрацы са мной, бо да таго, як здарыўся каранавірус і ўсе мелі роўныя магчымасці выступаць, мая пазіцыя ў сусветным рэйтынгу была вышэйшай за польскіх спартсменаў. Каб выступаць за Польшчу, мне не трэба прымаць грамадзянства гэтай краіны, толькі памяняць спартовае грамадзянства, прыналежнасць да федэрацыі».
Пра б’юці-працэдуры для коней
«Салярый прагравае мышцы. Можна выкарыстоўваць да трэніроўкі, але звычайна пасля — каня падсушваюць і грэюць.
Кожны дзень вычэсваю коней, часам нават не адзін раз на дзень. Купаю іх з шампунем з рамонкам. Чыстка не толькі эстэтычны эфект мае — ты шчоткай мышцы разаграваеш, гэта як масаж.
А 6-й раніцы ў коней сняданак: яны атрымліваюць сена, мюслі. Пасля ідуць на трэнажор і гадзіну там ходзяць. З 9-10 раніцы ў іх пачынаецца асноўная трэніроўка са мной. А 13-й у іх абед. Пасля трох гадзін яны зноў ідуць або на трэнажор, або ў загон шпацыраваць».
Пра дзень выбараў
«Лета мінулага года цалкам змяніла маё стаўленне да жыцця. За ўсё свядомае жыццё не было такога спектра эмоцый за такі кароткі тэрмін. Мы жылі недалёка ад Стэлы. У ноч 9-10 жніўня мне падалося, што ў Мінску святочны салют. А потым ты пачынаеш чуць крыкі людзей. І ў гэты момант цябе агортвае боль і страх. Ноч я правяла ў слязах».
Пра спорт і палітыку
«У Беларусі спорт не па-за палітыкай. Але спадзяюся, паступова наш алімпійскі рух будзе мець перавагу над палітычнымі працэсамі.
Мне прапаноўвалі падпісаць праўладны ліст спартсменаў. Далі тэкст, сказалі: прачытай, калі згодна, падпішы. Я прачытала і сказала: дзякуй, да пабачэння.
Я трапіла ў спіс «Іуды Беларусі» — спіс людзей, якіх нельга браць на працу ці рэкамендавана звольніць. Пасля гэтага ў мяне сумненняў не ўзнікала, што вяртацца дадому небяспечна».