«Засумаваў па марозіве». Першае міні-інтэрв'ю на волі палітвязня Фурманава, які праходзіў па «справе Ціханоўскага»
Сёння на волю выйшаў палітвязень Зміцер Фурманаў, які праходзіў па «справе Ціханоўскага». Па дарозе дадому з калоніі «Віцьба», дзе яго сустракалі родныя, мы задалі яму пару пытанняў пра яго стан і планы на будучыню.
21.10.2021 / 15:43
Год і тры месяцы Зміцер прабыў у СІЗА, а амаль пад канец тэрміну яго перавялі ў калонію, дзе пасля адбыцця каранціну ён амаль адразу трапіў у штрафны ізалятар і прабыў у ім да дня вызвалення (каля 1,5 месяца). Прычыны, на думку Змітра, былі надуманымі: проста каб ізаляваць яго ад іншых асуджаных. Чаму так рабілі — незразумела.
Зміцер Фурманаў. Фота з сацыяльных сетак
Хлопец прызнаецца, што для яго гэты перыяд стаў самым складаным з усёй адсідкі:
«Мяне паспелі размеркаваць у атрад, але ў выніку я там так і не лічыўся, бо знаходзіўся ў ШІЗА. Горшае за карцар месца складана прыдумаць. Ты адзін, няма ніякай інфармацыі ад людзей, навін, лістоў… Акрамя таго, я трапіў туды, калі ацяпляльны сезон яшчэ не стартаваў — было вельмі холадна. Спаць немагчыма. Цяпер трэба будзе крыху падлячыцца, бо здароўе пакідае жадаць лепшага».
Зміцер з маці адразу пасля вызвалення. Фота: svaboda.org.
За час за кратамі Зміцер атрымаў каля тысячы лістоў. Але ён упэўнены, што яму перадалі не ўсё: асабліва дрэнна ліставанне ішло ў жодзінскім следчым ізалятары.
«У мяне здараліся кароткія сутыкненні з іншымі палітычнымі зняволенымі. Гэта звычайныя людзі, я нават не ведаю, ці прызнаныя яны афіцыйна палітвязнямі. Былі затрыманыя за каментары ў інтэрнэце, напрыклад. То-бок, нічога такога сур’ёзнага не рабілі».
Сваё зняволенне Зміцер успрымае як службу ў войску.
«У войску ў мяне не было магчымасці пабываць — бадай, пабыў цяпер. За 1,5 года адбылася капітальная загартоўка моцы і духа. Гэта вялікая школа жыцця. Можна было б азлобіцца, але такога ў мяне няма. Я ўпэўнены, што ў нас усё атрымаецца. Чым больш высілкаў ад людзей, тым будзе больш змен», — кажа Зміцер
Першае, што Зміцер захацеў купіць на волі — гэта марозіва і кава.
«Я вельмі засумаваў па марозіве, па салодкім. А кава патрэбная, каб бадзёрасць вярнуць. Агулам я цяпер мару добра выспацца: у карцары даводзілася пастаянна падымацца некалькі разоў за ноч, каб сагрэцца, рабіць фізічныя практыкаванні. А планы на будучыню буду будаваць пасля адпачынку і рэабілітацыі — трэба аднавіцца».
***
Зміцер быў членам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай і быў затрыманы наўпрост на пікеце па зборы подпісаў 29 траўня 2020 года. Гэта той дзень, калі адбыўся інцыдэнт з дзіўным падзеннем міліцыянера на асфальт, пасля якога і пачаўся «хапун» паплечнікаў Ціханоўскага і яго самога. Сам Зміцер Фурманаў пры гэтым працягваў сядзець за сталом і збіраць подпісы, але яго затрымалі і вынеслі з пікета разам з крэслам, у выніку асудзілі да двух гадоў калоніі па артыкуле 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Зміцер некалькі разоў галадаў у знак пратэсту супраць выстаўленага яму абвінавачвання. Галадоўку таксама распачыналі яго маці і дзяўчына.
Тэрмін зняволення ў два гады для Змітра быў пералічаны: 1 дзень СІЗА залічваецца за 1,5 дня калоніі агульнага рэжыму.