«Вазьміце Латвію». Насамрэч, лішняя смяротнасць ад кавіду ў Латвіі ў пяць разоў меншая, чым у Беларусі
«Цяпер, глядзіце, рот закрыла ўся дасведчаная Еўропа: ніякай інфармацыі, усё «добра». Але там жа катастрофа. Вазьміце Латвію: крыху больш за мільён насельніцтва — сітуацыя ў сто разоў горшая, чым у Беларусі. Цішыня», — сказаў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па барацьбе з кавідам 19 кастрычніка, на якой ён абрынуўся на міністраў Піневіча і Кубракова за ўвядзенне абавязковага масачнага рэжыму ў грамадскіх месцах.
19.10.2021 / 16:54
Адразу варта ўдакладніць, што насельніцтва Латвіі складае не «больш за мільён», а амаль 2 мільёны чалавек.
Наконт «у сто разоў». З 13 кастрычніка ў Латвіі штодня фіксуюць больш за 2000 выпадкаў кавіду. У Беларусі з яе ў пяць разоў большым насельніцтвам — афіцыйна столькі ж выпадкаў за суткі.
Але, у адрозненне ад Латвіі, дзе ўся статыстыка адкрытая, у Беларусі статыстыка па раёнах і гарадах закрытыя, таму немагчыма праверыць агульнанацыянальную статыстыку шляхам супастаўлення раённых.
І — трэба нагадаць — каб збіць хвалю заражэнняў, Латвія на чатыры тыдні ўводзіць строгі лакдаўн, не лічачыся з фінансавымі стратамі, каб ратаваць жыцці людзей.
Латвія на 4 тыдні ўводзіць жорсткі лакдаўн
Першыя хвалі каранавіруса Латвія прайшла нашмат лепш, чым Беларусь. «Лішняя смяротнасць» у Латвіі ў першыя 12 пандэмічных месяцаў склала ўсяго каля 5 працэнтаў ад звычайнага ўзроўню. Гэта больш, чым у Нарвегіі, Фінляндыі, Даніі, дзе «лішняя смяротнасць» была ў рамках статыстычнай хібнасці. Але гэта ў чатыры-пяць разоў менш, чым у Польшчы, Чэхіі і Літве, дзе першым дзвюм хвалям кавіду далі рады нашмат горш.
У краінах Еўрасаюза ўся статыстыка адкрытая, і можна параўноўваць розныя краіны і нават рэгіёны. У Беларусі ад 2020 года статыстыка смяротнасці закрытая. Вядомыя толькі даныя па асобных раёнах, дзе адважныя медыкі ці статыстыкі далі іх у СМІ.
Вядомыя таксама звесткі па смяротнасці за 2020 год, здабытыя хакерамі. Вядомыя таксама звесткі за другі квартал, перададзеныя Беларуссю ў ААН. З матэрыялаў МУС вынікае, што з сакавіка 2020 года да сакавіка 2021 года залішняя смяротнасць у краіне склала 32 тысячы чалавек.
Гэта азначае, што «лішняя смяротнасць» у Беларусі вырасла на 26 працэнтаў. Гэта ў 5 разоў горш, чым у Латвіі.
32 тысячы смерцяў — гэта насамрэч страшныя лічбы: кавід толькі за першыя 12 месяцаў забраў жыцці 0,35 працэнта жыхароў Беларусі. Між тым цяперашняя хваля, мяркуючы па ўсім, горшая за папярэднія.
«Нікуды іх адцягваць не трэба, тыпу бегаць па горадзе і глядзець, ці надзелі маскі або не надзелі, — гэта таксама не ваша справа, не адцягвайцеся на гэта», — заявіў Аляксандр Лукашэнка на адрас медыкаў.
Насамрэч, у Беларусі медыкі і без таго не правяраюць масачны рэжым за межамі сваіх устаноў.
Найбольш жорстка масачны рэжым выконваецца не ў краінах Захаду, а ў Кітаі, Сінгапуры і іншых краінах Азіі. Там падчас каранцінных перыядаў за невыкананне масачнага рэжыму людзей караюць, а людзей без масак проста не пускаюць у грамадскія месцы. Усё таму, што медыкі і навукоўцы прыйшлі да высновы, што нашэнне масак запавольвае распаўсюд вірусаў.