Апублікаваны даклад аб парушэннях у беларускім футболе
Фонд спартыўнай салідарнасці апублікаваў даклад аб парушэннях фундаментальных палажэнняў Міжнароднай федэрацыі футбола (ФІФА) і Саюза еўрапейскіх футбольных асацыяцый з боку Беларускай федэрацыі футбола (АБФФ).
13.10.2021 / 14:52
Аўтары даклада сцвярджаюць пра адміністрацыйны ціск на судзейскі футбольны корпус з мэтай атрымання неабходных вынікаў у канкрэтных матчах, пакрывальніцтва ўдзельнікаў дагаворных матчаў і недастатковае прыняцце мер па «дагаварняках» і іншыя парушэнні Федэрацыі.
У дакладзе апісваецца сустрэча прадстаўніка МУС, якая нібыта мела месца ў 2019 годзе, з афіцэрам сумленнасці АБФФ Андрэем Чэпам, кіраўніком АБФФ Уладзімірам Базанавым, а таксама яго намеснікамі Юрыем Вяргейчыкам і Міхаілам Ботнікавым. Падчас размовы было заяўлена, што ёсць доказы аб датычнасці да дагаворных матчаў футбалістаў Захара Волкава і Кірыла Пячэніна (абодва тады выступалі за «Нафтан»), а таксама сабраны матэрыялы для завядзення крымінальнай справы ў дачыненні да гульца зборнай Беларусі па пляжным футболе Вадзіма Бакача. Аднак пакараны быў толькі Волкаў (двухгадовая дыскваліфікацыя).
Таксама ў дакладзе сцвярджаецца пра ўплыў топ-функцыянераў беларускага футбола на прызначэнне суддзяў на матчы. У якасці доказу прыводзіцца выпадак з матчам «Дынама» (Брэст) — «Нёман», калі вырашана было прызначыць галоўным рэферы Яўгена Навумава. Паводле аўтараў даклада Базанаў ухваліў рашэнне, але потым нібыта яму прыйшла смс ад уладальніка «Дынама» Аляксандра Зайцава: «Навумаў — не, Лабацэвіч — так».
Як аўтары даклада атрымалі доступ да прыватнай перапіскі — невядома.
Таксама ў дакладзе расказваецца пра ціск на суддзяў. Аўтары зазначаюць, што 134 суддзі і футбольных інспектараў падпісалі ліст супраць гвалту. Ініцыятарам ліста быў асістэнт рэферы ФІФА Віталь Малюцін. Неўзабаве яго перавялі на абслугоўванне гульняў першай лігі.
А 7 мая 2021 года, напярэдадні Дня Перамогі, адбыўся матч «Гомель» — «Слуцк», на якой працавала судзейская брыгада ў складзе Лашука, Гусева і Арабея, інспектарам матча быў Яўневіч (інспектар). Уся брыгада адмовілася надзяваць чырвона-зялёныя бутаньеркі як знак падтрымкі ўлады. Дэлегат той сустрэчы патэлефанаваў у АБФФ і паскардзіўся на паводзіны суддзяў. У выніку з АБФФ патэлефанавалі Яўневічу, але той адказаў, што суддзі маюць права самі вырашаць, адзяваць бутаньеркі ці не.
Аналагічныя выпадкі здарыліся на матчы «Славія» — «Дынама» Брэст і «Шахцёр» — БАТЭ. Памочнікі суддзяў Нізоўцаў і Прановіч былі ў выніку пакараныя, яны не атрымалі прызначэнняў на наступныя матчы, а інспектар Яўневіч адхілены ад інспектавання матчаў вышэйшай лігі на тры месяцы.
У выніку зроблены наступныя высновы:
— рашэнні кіраўніцтва АБФФ у дачыненні да судзейства ўплывалі на вынікі асобных матчаў, што цягнула за сабой змены ў турнірнай табліцы;
— федэрацыя футбола парушае свой уласны статут, а таксама статуты ФІФА і УЕФА, судзейскую канвенцыю і іншыя дакументы;
— дзеянні АБФФ наносяць шкоду іміджу беларускага футбола як на ўнутранай, так і на міжнароднай арэне.
Паведамляецца, што УЕФА быў праінфармаваны пра парушэнні, аднак ніякай рэакцыі не наступіла.
«Наша ніва» не мае магчымасці спраўдзіць інфармацыю апублікаванага даклада.