Памёр кіроўца аўтобуса, які пасля выбараў быў паранены гранатай
Павел Сібілёў не дажыў да свайго 50-гадовага юбілею: яго не стала 10 кастрычніка. Пра гэта «Нашай Ніве» паведамілі яго родныя.
12.10.2021 / 17:29
Да жніўня 2020-га Павел быў здаровым 48-гадовым мужчынам. Вечар 10-га жніўня цалкам перавярнуў яго жыццё. У той дзень Сібілёў завяршаў працоўную змену на аўтобусе №163. Але скончыць маршрут так і не выпала: аўтобус разам з іншым транспартам трапіў у затор.
Павел выйшаў абмеркаваць сітуацыю з калегам, як неўзабаве яму ў спіну прыляцела граната і гумовыя кулі. Пасля раненняў мужчына месяц правёў у ваенным шпіталі, перажыў перасадку скуры, атрымаў першую групу інваліднасці.
Неўзабаве пасля выпіскі з ваеннага шпіталя ў яго знайшлі анкалогію (рак галоўкі падстраўнікавай залозы, а таксама прастаты) — ён перасоўваўся па вуліцы выключна з кійком у руках.
«Паша вельмі мучыўся, але трываў і маўчаў. Вельмі рэдка прасіў дапамогі. Дактары зрабілі ўсё, што маглі, але анкалогію не перамаглі. Для нас пачаткам хваробы стала раненне. Лёс вырашыў так…» — каментуюць блізкія.
СК адмовіўся заводзіць справу па факце ранення кіроўцы ў яго ж працоўную змену.
Павел за працай да трагічных падзей. Фота з асабістага архіва
У Паўла засталося трое дзяцей: малодшы сын у гэтым годзе пайшоў у першы клас. Выказваем спачуванні родным і блізкім.
Да гадавіны выбараў мы рабілі інтэрв’ю з Паўлам: