Зрабілі вакцыну і перажылі кавід? Віншуем: у вас гібрыдны імунітэт і вам не патрэбныя бустарныя вакцыны

Імунітэт пасля перажытай інфекцыі і ад вакцынацыі дастатковы для абароны ад паўторнай хваробы. Такія даныя папярэдніх даследаванняў.

12.10.2021 / 12:14

Фота depositphotos.com.

Ва ўсім свеце зараз пашыраецца бустарная вакцынацыя супраць кавіду. Людзі з груп рызыкі атрымліваюць дадатковыя дозы прышчэпкі, каб яшчэ больш узмацніць сваю абарону супраць інфекцыі, піша Wall Street Journal.

Згодна з некаторымі даследаваннямі, няма сэнсу ў такой вакцыне, калі чалавек ужо прайшоў поўны курс вакцынацыі супраць кавіду ды і яшчэ перажыў гэтую хваробу. Навукоўцы кажуць, што ў такім выпадку арганізм і так моцна абаронены супраць паўторнага кавіду. Аднак эксперты папярэджваюць, што гэтыя даныя пакуль што не канчатковыя і што патрэбныя новыя даследаванні.

Тыя ж працы, што існуюць зараз, даюць падставы лічыць, што перажыты кавід успрымаецца арганізмам падобна да яшчэ адной дозы вакцыны. І, як і прышчэпка, вірус прымушае імунную сістэму вырабляць антыцелы, В-клеткі і Т-клеткі, якія ў будучым могуць дапамагчы справіцца з вірусам пры яго новай атацы на арганізм.

Але варта разумець, што такая моцная абарона не азначае, што ў будучым такім людзям не спатрэбіцца бустар. Больш за тое, людзі з аслабленым імунітэтам ці з груп рызыкі ўсё ж такі могуць разгледзець магчымасць атрымаць дадатковую прышчэпку як мага хутчэй.

Камбінацыю імунітэту ад рэальнай інфекцыі і ад вакцыны называюць гібрыдным імунітэтам. Згодна з цяперашнімі данымі, такі імунітэт звычайна дае больш моцную абарону ад хваробы, чым імунітэт, атрыманы толькі пасля вакцынацыі ці пасля перажытай інфекцыі.

Што эфектыўнейшае: «Спутнік» або кітайская вакцына?

Інфекцыяніст Салавей расказаў, як правільна карыстацца пульсаксіметрам і на што звяртаць увагу

Nashaniva.com