Далёка пойдзе. Расказваем пра маладую амбіцыйную пракурорку, якая ставіць рэкорды па палітычных справах
Пракурор у Беларусі — фігура хутчэй незаўважная. У судах дзяржабвінаваўцы часцей за ўсё проста манатонна зачытваюць дакументы, ніякіх спрэчак, як у кіно, звычайна няма. Але апошнім часам з’яўляецца ўсё больш заўважных асоб, асаблівая ўвага — да палітычных справаў. Мы ўжо распавядалі гісторыю маладой пракуроркі Аліны Касьянчык, якая стала вядомай пасля прысуду журналісткам Белсата. У Касьянчык ёсць не менш яркая калега — Валерыя Таратынка, якая ледзь паспявае з аднаго працэсу, дзе за надпіс на асфальце адпраўляюць у калонію, перабегчы на іншы, дзе яна выступае ўжо як пацярпелая — ад каментароў, якія сыплюцца ў яе бок. Расказваем гісторыю Валерыі Таратынкі, якая з дзяцінства марыла быць абвінаваўцам.
06.10.2021 / 19:03
З «асаблівым трапятаннем» захоўвае аўтограф Лукашэнкі
Валерыі Таратынцы — 26. У пракуратуру яна прыйшла чатыры гады таму, адразу пасля Акадэміі кіравання пры прэзідэнце. У галіновым часопісе адзначалася, што з такой знешнасцю яна лёгка магла пабудаваць кар’еру мадэлі, але Валерыя з дзяцінства цікавілася крыміналам.
Валерыя Таратынка. Фота: pac.by
«Калі мне было гадоў сем, маці спытала, кім я хачу стаць у будучыні, — узгадвала яна. — Не задумваючыся, адказала: «Пракурорам!» Усё таму, што ў дзяцінстве была вялікай прыхільніцай серыяла «Таямніцы следства». Я часта глядзела з бацькамі навіны, асабліва падабаліся сюжэты, у якіх людзі ў пагонах давалі каментары па крымінальных справах».
Цяпер Валерыя сама ахвотна раздае такія каментары. За апошні год яна з’яўлялася на тэлебачанні часцей, чым многія дасведчаныя пракуроры за ўсё сваё прафесійнае жыццё. У адрозненне ад калег, яна не проста не саромеецца камеры, а заўсёды імкнецца быць у кадры.
Валерыя (у цэнтры) на балі выпускнікоў. Фота: pac.by
Біяграфія Валерыі Таратынкі нагадвае вядомую фразу «спартсменка, камсамолка і проста прыгажуня». Школу дзяўчына скончыла з залатым медалём, універсітэт — з чырвоным дыпломам.
Яна ахвотна ўдзельнічала і перамагала ў студэнцкіх конкурсах з прамовамі да 70-годдзя перамогі ў вайне і да Еўразійскіх гульняў у Мінску, мела ўдзячнасць ад Лукашэнкі за поспехі ў вучобе, атрымлівала дыплом на конкурсе перамоўшчыкаў, які праводзіў цэнтр вядомага юрыста і медыятара Ліліі Уласавай, якая ў 2020-м за свае погляды стала палітзняволенай.
У 2017 годзе Валерыя брала ўдзел у балі выпускнікоў у Палацы незалежнасці. Захаваліся кадры, дзе яна пазіруе праваруч ад Лукашэнкі. У інтэрв’ю яна прыгадвала, што «з асаблівым трапятаннем» захоўвае ягоны аўтограф з пажаданнямі ўдачы і кахання.
Па справе аб карупцыі прасіла «апазнаць стравы» з рэстарана
Па словах пракуроркі, найбольш цікавяць яе справы аб карупцыі.
«Даводзіцца сутыкацца з высокакваліфікаванымі абвінавачванымі і сведкамі, якія маюць добрую адукацыю, пэўны статус у грамадстве, — тлумачыла яна. — Гэта абавязвае грунтоўна рыхтавацца да кожнага судовага пасяджэння».
Валерыя Таратынка, адпрацаваўшы ў пракуратуры ўсяго два гады, атрымала салідную справу — абвінавачванне былой начальніцы фармінспекцыі Мінздароўя Людміле Равуцкай, якую судзілі за атрыманне хабараў і махлярства. У судзе Таратынка запомнілася тым, што падрабязна вывучала, хто і чым карміў Равуцкую ў рэстаранах.
Валерыя Таратынка ў судзе
«Ліманад імбірны, чабурэкі, шашлык, філе ласося, спаржа, калдуны, качка, трус. Прашу вас апазнаць стравы», — пералічвала яна падчас допыту.
Для былой чыноўніцы абвінаваўца запатрабавала сем год калоніі, суддзя зрэзала адзін год — Равуцкая і па сёння адбывае пакаранне ў гомельскай калоніі.
«У мяне ёсць цвёрдае правіла, — апісвала сваё прафесійнае крэда Таратынка, — якія б эмоцыі я не адчувала ў адносінах да ўдзельнікаў працэсу, кіруюся выключна законам».
Справа за надпіс «Не забудзем», які «зневажае грамадзян»
Але сапраўды вядомай Валерыя стала пасля справы «аб цынічных надпісах» — такое не пакажуць у яе любімых расійскіх серыялах.
8 снежня 2020 года трое мінчукоў былі асуджаныя за надпіс «Не забудзем» на Пушкінскай, дзе быў забіты Аляксандр Тарайкоўскі. Абвінаваўцам была Валерыя Таратынка, праўда, пасля яе замяніла Аліна Касьянчык, у яе на той момант ужо быў досвед па аналагічнай справе «аб цынічных надпісах» на асфальце.
Абвінавачаныя за надпіс «Не забудзем». Фота: spring96.org
Справа, якую Таратынка прадстаўляла ў судзе, ад пачатку развальвалася. Тэкст абвінавачвання варты цытавання:
«Умышленно нанес на тротуарную плитку циничную надпись, оскорбляющую чувства граждан, демонстрирующую пренебрежение к нравственным ценностям, направленную на причинение вреда общественному порядку и общественной нравственности следующего содержания: НЕ ЗАБУДЕМ!»
Таратынка прыйшла на працэс з абвінавачваннем аб уроне больш чым у 10 тысяч рублёў.
Аднак «Гаррамаўтадар» ацаніў урон усяго ў 256 рублёў, такая сума не падпадае пад злачынства. Давялося зняць абвінавачванне ў наўмысным зніштажэнні маёмасці, якое было спачатку, застаўся адзін артыкул — хуліганства.
25-гадовы Уладзіслаў Гуліс атрымаў два гады пазбаўлення свабоды (раней меў судзімасць), 42-гадовы Дзяніс Граханаў і 25-гадовы Ігар Самусенка — паўтара года «хіміі», праваабаронцы прызналі фігурантаў палітвязнямі.
Суд за аплявуху Азаронку
Яшчэ адзін гучны працэс у скарбонцы пракуроркі Таратынкі — справа перакладчыцы Вольгі Калацкай, якую судзілі за тое, што яна дала аплявуху прапагандысту Рыгору Азаронку.
Інцыдэнт здарыўся неўзабаве пасля смерці Рамана Бандарэнкі. Вольга ўбачыла на прыпынку грамадскага транспарту Азаронка, які чапляўся да людзей з пытаннямі кшталту: «Як вы можаце смуткаваць аб смерці Бандарэнкі, калі нават не ведаеце ягонае імя па бацьку?»
«Я была глыбока абураная і абражаная тым, што сваімі рытарычнымі пытаннямі ён ставіў пад сумнеў шчырасць смутку людзей», — казала Вольга ў судзе.
Перакладчыца Вольга Калацкая ў судзе
Сам прапагандыст заявіў, што звяртаўся з заявай, каб Калацкую не прыцягвалі да крымінальнай адказнасці, паўтарыў гэта хадайніцтва і ў судзе.
Але абвінаваўца Валерыя Таратынка стаяла на сваім: «Калацкая ў грамадскім месцы беспадстаўна, адкрыта супрацьпастаўляючы сябе грамадству, наўмысна нанесла ўдар па твары Азаронка».
За хуліганства перакладчыцы, як і заяўляла пракурорка, далі два гады «хатняй хіміі».
Таксама Валерыя Таратынка была абвінаваўцам па справе менчукоў, якія хацелі спыніць амапаўцаў, каб тыя не затрымлівалі і не збівалі людзей падчас аднаго з маршаў у кастрычніку 2020-га.
Пацярпелымі прызналі сем амапаўцаў, абвінавачаныя атрымалі ад 4 да 5 год калоніі.
І яшчэ адзін палітычны працэс — 5 год мінчуку Аляксандру Раентаву, якога асудзілі за стварэнне тэлеграм-канала і супраціў міліцыі. У судзе ўзніклі пытанні да запісу, які прадставіла абвінавачванне: абарона заявіла пра мантаж відэа і гуку.
Была абвінаваўцай — стала пацярпелай
Валерыя Таратынка выступае ў судах не толькі як абвінаваўца, але і як пацярпелая. Ужо некалькі чалавек былі прыцягнутыя да адказнасці за каментары, якія пакінулі пад допісамі пра яе.
Першы абвінавачаны — інвалід трэцяй групы Мацвей Худаешка. У судзе ён папрасіў прабачэння, Валерыя заявіла, што іх прымае і спадзяецца, што ён зрабіў высновы. Фігурант атрымаў два гады «хатняй хіміі».
Другая абвінавачаная — санітарка ў анкадыспансеры Ганна Багачова. У судзе яна заявіла, што нельга будаваць кар’еру на палітычна матываваных справах. Пацярпелая заявіла пра маральныя пакуты — трывогу, крыўды і знявагу. Санітарка атрымала паўтара года «хатняй хіміі» і павінна заплаціць пракурорцы тысячу рублёў.
Як паспяховую выпускніцу, Валерыю запрашаюць выступаць перад студэнтамі Акадэміі кіравання Фота: pac.by
Валерыя Таратынка кажа, што са жніўня мінулага года ёй рэгулярна прыляталі паведамленні з пагрозамі і знявагамі, але яна «перанесла гэта даволі стойка»:
«Паступаючы на службу ў органы пракуратуры, я разумела, што рана ці позна магу з гэтым сутыкнуцца. Упэўненая, калі такія непрыемныя пасланні могуць выбіць з каляіны, то чалавеку першапачаткова не варта было выбіраць прафесію пракурора.
Я прынесла прысягу, таму не маю маральнага права даць слабіну, спалохацца. У адваротным выпадку я павінна вызваліць месца таму, хто стане на абарону законнасці і правапарадку і не будзе спрабаваць самаўхіліцца».
Муж працуе суддзёй і не адстае ад жонкі
Муж Валерыі таксама скончыў Акадэмію кіравання, яму 27 год. Мікалай Багамякаў быў паспяховым студэнтам — атрымліваў стыпендыю са спецфонду, перамагаў на конкурсах для маладых навукоўцаў.
Суддзя Мікалай Багамякаў
Спачатку працаваў у пракуратуры, але ў 2020-м атрымаў прызначэнне ў суд Фрунзенскага раёна. Так што Валерыя сустракаецца з мужам не толькі дома, яна прадстаўляе абвінавачванне ў тым самым судзе.
Мікалай працуе па крымінальных і адміністратыўных справах, на яго рахунку больш за сто сутак адміністратыўнага арышту па справах за палітычную пазіцыю.
«Для мяне ён прыклад таго, якім павінен быць прафесійны юрыст, — кажа пра мужа Валерыя. — Для нас юрыспрудэнцыя не толькі сфера дзейнасці, але і сямейнае хобі».