Арышт філосафа Мацкевіча працягнулі на месяц, яго паплечнікі вядуць у фэйсбуку прысвечаную яму старонку
Філёзафу і мэтадолягу Ўладзімеру Мацкевічу падоўжылі тэрмін знаходжаньня пад вартай яшчэ на месяц, паведамляе Свабода.
05.10.2021 / 16:15
Такім чынам, ён прабудзе за кратамі найменей да 4 лістапада. Праваабаронцы прызналі яго палітычным зьняволеным.
Уладзімера Мацкевіча арыштавалі сёлета ў пачатку жніўня. Яго абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.
Тады ж затрымалі і шэраг іншых прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый, але бальшыню пасьля ператрусаў, допытаў і папярэдняга ўтруманьня адпусьцілі.
Паплечнікі Ўладзімера Мацкевіча стварылі і рэгулярна абнаўляюць старонку #Філёзаф_у_турме ў Facebook. Тым часам у менскім СІЗА №1 яго прызналі схільным да экстрэмізму.
Уладзімер Мацкевіч — філёзаф і мэтадоляг, грамадзкі дзеяч, тэлевядоўца. Заснавальнік і кіраўнік Агенцтва гуманітарных тэхналёгіяў, першы кіраўнік Рады Міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь» (міжнародная грамадзкая арганізацыя, створаная прадстаўнікамі НДА ў 2007 годзе і зарэгістраваная ў Літве ў 2009 годзе), заснавальнік праграмы стварэньня «Лятучага ўнівэрсытэту».