Фатограф, захапляецца тэхналогіямі і аўто — калегі пра затрыманага журналіста «Камсамолкі» Генадзя Мажэйку

1 кастрычніка быў затрыманы журналіст «КП» — Беларусь» Генадзь Мажэйка — аўтар матэрыяла, дзе пра Андрэя Зэльцэра, які застрэліў супрацоўніка КДБ Беларусі, выказалася ягоная аднакласніца. Калегі журналіста распавядаюць, хто такі Генадзь Мажэйка і што вядома аб яго прафесійных інтарэсах.

02.10.2021 / 21:04

Фота з сацыяльных сетак

Генадзь працуе ў беларускай «Камсамолцы» больш за дзесяць гадоў — з 2009-га. Яго прафесійныя інтарэсы досыць шырокія, але асабліва часта Генадзь піша на аўтамабільную тэматыку, пра авіятранспарт, тэхналогіі і горад. Нярэдка піша пра Менск 60—90-х — пра тое, што знаходзілася ў тым ці іншым месцы горада пару дзясяткаў гадоў таму.

Генадзь не раз пісаў аб выставе ўзбраенняў MILEX, у апошнім матэрыяле распавядаў аб першым беларускім БТР, беспілотным верталёце-паляўнічым і іншых навінках выставы. Сустракаў новы Boeing з васільком, які прыляцеў у Менск. Быў на заводзе Embraer — аднаго з найбуйнейшых у свеце вытворцаў самалётаў. Для гэтага Генадзь Мажэйка лятаў у Бразілію. Пастаянна аўтар «КП» пісаў аб ваеннай тэхніцы на парадах 9 Мая і 3 Ліпеня. 

Фота з сацыяльных сетак

Акрамя таго, што Генадзь Мажэйка працуе ў якасці карэспандэнта, ён займаецца і фотаздымкай. У 2011 годзе заняў другое месца ў фотаконкурсе Belarus Press Photo са здымкам беларускага паэта і кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева падчас перадвыбарчага тура па краіне.

Nashaniva.com