«Думала вярнуцца ў Беларусь, Эдзік кажа: пакуль не варта». Як і чым сёння жыве Вікторыя Пальчыс
Роўна год таму быў затрыманы Эдуард Пальчыс, цяпер яго вінавацяць у арганізацыі масавых беспарадкаў, пакаранне — да 15 гадоў калоніі. Яго жонка Вікторыя ўжо год жыве ў эміграцыі, адна гадуе малую дачку. Вікторыя распавяла «Нашай Ніве» як яны з маленькай Эміліяй пражылі гэты год: без мужа і бацькі, але з верай у лепшае.
27.09.2021 / 21:09
«Наша Ніва»: Чым займаецеся сёння?
Вікторыя Пальчыс: Дні праходзяць па накатаных схемах, усё круціцца вакол дачкі: як яна спіць, есць, купаецца.
Дапамагаюць людзі. Збіралі грошы для нас, у тым ліку і дзякуючы «Нашай Ніве», і ёсць людзі, якія працягваюць аказваць мне дапамогу.
Насамрэч, у маіх планах не было ідэі на працяглы час заставацца за мяжой. Я спадзявалася, што праз год ужо дакладна вярнуся дадому, у Беларусь. Але пакуль што няма дакладнасці, што там з Эдзікам, і, магчыма, небяспека не знікла ў тым ліку і для нас з Эміліяй.
Улічваючы, што ў інтэрв’ю Маркаву пра мяне згадаў Пратасевіч, то небяспека можа нават і павялічылася ў параўнанні з леташняй сітуацыяй.
Баюся, што і на мяне можа быць заведзеная крыміналка. І што на Эдзіка могуць ціснуць праз нас з Эміліяй, калі мы будзем у Беларусі. Ён распавядаў мне неўзабаве пасля затрымання, што такія спробы ўжо былі, таму ён сам прасіў мяне заставацца за мяжой.
І пасля мы яшчэ раз абмяркоўвалі з ім маё вяртанне, ён зноў перадаў, што пакуль не варта.
Сюды прыязджалі мае бацькі, свякроўка, таму часам месяц хтосьці са сваякоў тут бывае, пасля месяц-два я адна.
Працяглых глабальных планаў я не будую. Галоўнае пакуль займацца дачкой, бо гэта ж не бульба, якую ў зямлю кінуў, а праз год ураджай сабраў. Калі ўсё ж сітуацыя зацягнецца, то буду, напэўна, думаць пра адукацыю і спрабаваць паступіць у еўрапейскі ўніверсітэт.
Але калі ў нас атрымаецца новая Беларусь — гэта самае цікавае, што можа адбыцца. Вярнуцца ў сваю краіну і будаваць яе.
Калі не атрымаецца — шмат што залежыць ад сітуацыі з Эдуардам, будзем глядзець па абставінах.
«Я не ведаю, што там адбываецца, следчыя дзеянні з ім не праводзяць. Чалавек проста сядзіць»
«НН»: Як згадваеце тыя дні, калі Эдуарда затрымалі?
ВП: Усё тады было вельмі хутка, яшчэ некалькі гадзін не было ніякіх планаў пра ад’езд, а тут — раз! — і я ўжо за мяжой. Было вельмі страшна, асабліва пакуль мы некалькі дзён не ведалі, дзе ён.
Тады ж Эдуарда забралі нібыта адбыць неадседжаныя суткі, ён правёў месяц на Акрэсціна. А пасля завялі крыміналку.
Прычым, наколькі мне вядома, яго рэчы спусцілі ўніз, як робяць, калі чалавека адпускаюць, сам Эдзік ужо падпісаў паперы перад выхадам, каля Акрэсціна яго чакалі сябры… І яго тыпу адпусцілі, але тут жа перазатрымалі — ужо па крымінальнай справе.
«НН»: Што будзе з Эдуардам, да чаго рыхтуецеся?
ВП: Я не ведаю, што там адбываецца, следчыя дзеянні з ім не праводзяць. Чалавек проста сядзіць. А далей два варыянты: будуць трымаць у СІЗА, пасля завядуць яшчэ крыміналку і будуць так жа трымаць па ёй. Альбо закрыты суд і вялікі тэрмін у калоніі.
«НН»: Вы вельмі спакойна пра гэта размаўляеце.
ВП: Бо эмоцыі не дапамогуць у гэтай сітуацыі. Відавочна, што лёс будзе няпростым, і лепш глядзець на гэта цвяроза і думаць, як гэта перажыць і вытрываць. Трэба будзе перажыць цяжкі перыяд, але ж гэта не навечна. І паніка таксама тут нічым не дапаможа.
Лепш рыхтавацца да горшага — хай лепш добрыя моманты будуць пасля прыемнай нечаканасцю, чым настройвацца на добрыя варыянты, якія пасля не спраўдзяцца, бо такое знішчае псіхіку. Трэба разумець, што мы знаходзімся на такім вітку гісторыі, які абавязкова скончыцца, галоўнае тут — вытрываць.
«НН»: Лісты ад Эдуарда даходзяць?
ВП: Недзе раз на тыдзень ці раз на два тыдні. Звычайна так. Адзін ліст мне, адзін бацькам. Але Эдзік кажа, што стала кепска з поштай, раней за тыдзень мог больш за сотню лістоў атрымаць, цяпер такога няма.
Перадае, што за тыдзень яму аддаюць толькі адзін ліст ад мяне і адзін ад бацькоў. Але я дакладна ведаю, што людзі пішуць яму, бо нярэдка ў мяне пытаюцца проста ў сацыяльных сетках, ці атрымаў Эдуард ад іх лісты. Але цэнзура так працуе, што нічога не пускае.
«НН»: Пра што ён піша?
ВП: Вельмі шмат перапісваемся пра дачку, канечне. Але Эдуард таксама спрабуе мяне забаўляць трохі: глядзіць тэлевізар у камеры і пасля пераказвае мне нейкія цікавосткі. Нядаўна растлумачыў мне ўсё, што трэба ведаць пра выбар зубных шчотак, таму я цяпер вельмі падкаваная ў гэтым пытанні (пасміхаецца).
«НН»: Па лістах заўважна, што ў Эдуарда неяк змяніўся настрой за гэты год?
ВП: Не. Ён вельмі бадзёра трымаецца з самага пачатку і цяпер таксама. І ён таксама не мае ілюзій, сам мне казаў, што, хутчэй за ўсё, будзе закрыты суд па яго справе і пасля вялікі тэрмін у калоніі. Сам ён ставіцца да гэтага спакойна.
«НН»: А імя дачцэ вы ў выніку выбіралі самі? Ці праз лісты з мужам?
ВП: Я яму прапанавала варыянт, яму вельмі спадабалася. Так дачка і стала Эміліяй.
«НН»: Яшчэ не размаўляе?
ВП: Ёй толькі 9 месяцаў, таму размаўляе выключна на сваёй мове: у-гу-гу, а-та-та. Я ёй паказваю тату на тэлефоне, але пакуль што яна ў адказ цягне тэлефон у рот і грызе яго.
Мы з Эдзікам у сям’і гаварылі на рускай, але абмяркоўвалі з ім, што хочам, каб дачка ведала беларускую, гаварыла на ёй. І тут, у Літве, канечне, праблема з беларускімі кніжкамі, таму заўсёды прашу сяброў і знаёмых прывозіць мне беларускае дзіцячае чытанне. І так, паціху, буду вучыць Эмілію беларускай.
«Наша рэвалюцыя менавіта мужчынская, а не жаночая. Мужчыны — героі»
«НН»: Эдуард казаў, што нават рады, што сітуацыя зацягнулася, бо праз гэта прыходзіць разуменне многіх рэчаў, фармаванне нацыі. Таксама так лічыце?
ВП: Гэта ён казаў як гісторык і як чалавек, які перажывае за сваю краіну. Ён ведае, што вось такі гістарычны працэс — ён правільны. І з такога пункту гледжання, ён сапраўды гэтым задаволены.
Я разумею яго, і для Беларусі сапраўды, можа, добра, што так зацягнуліся падзеі. Але ж тут толькі ад нас залежыць, якімі мы выйдзем з гэтых выпрабаванняў. І калі мы вытрываем гэты экзамен, усё будзе вельмі класна. А калі не — то будзе кепска. Я тут перажывае не толькі за сябе і сям’ю, а перажываю, што будзе пасля ўсяго гэтага з Беларуссю.
«НН»: І што будзе на вашу думку?
ВП: З аднаго боку, сапраўды, часам цяжка. Але я веру, што перспектывы ёсць. Пытанне ў тым, наколькі яны далёка, чакаць яшчэ год ці дзесяць. Гайкі не могуць закручвацца і закручвацца, сёння дзяржаўная машына ў напружаным стане, ніводны механізм не можа ў такім стане працаваць доўга — яго проста разбоўтае.
«НН»: Зноў жа пра ваша спакойнае прыняцце сітуацыі. Сапраўды беларускія жанчыны мацнейшыя за мужчын?
ВП: Не, зусім не! (Смяецца.) Увогуле, я лічу, што наша рэвалюцыя менавіта мужчынская, а не жаночая. Мужчыны — героі, якія ўзялі на сябе ўвесь цяжар.
Бо іх збівалі і катавалі. Жанчынам таксама дасталася, канечне, але ж фокус карнікаў быў накіраваны менавіта на маладых мужчын. І жанчыны аказаліся не тое, каб мацнейшымі, яны аказаліся вартымі сваіх мужчын.
І сёння жанчыны так жа падтрымліваюць сваіх мужчын, якія сядзяць у турмах. Нашы мужчыны — крутыя і моцныя беларусы, чые жонкі цалкам вартыя сваіх мужоў.
«НН»: Што кажуць вашы блізкія, сябры, якія засталіся ў Беларусі?
ВП: Кожны глядзіць са свайго пункту, кожны бачыць сваё кола знаёмых, таму кажуць рознае. Некаторыя расказваюць, што ніхто не змірыўся, не прыняў, усе ходзяць «з бчб у кішэні». Некаторыя мяркуюць, што, па іх адчуваннях, палова чакае перамен, а для паловы людзей усё ж важнейшыя пенсіі і крэдыты, хай сабе гэтая несправядлівасць, хай сабе збіваюць людзей, гэта іх не цікавіць.
Сябры паціху з’язджаюць з Беларусі. Расказваюць, што ў грамадстве застаецца і праз год адчуванне несвабоды і напружанасці, і менавіта гэта шмат для каго становіцца нагодай для эміграцыі.
«Вера, што ў Беларусі ўсё будзе добра, моцна звязаная з верай у Бога»
«НН»: Вашы бацькі не думалі эміграваць?
ВП: Мы ўсё ж спадзяёмся, што гэта нарэшце скончыцца, і ўсё ж я вярнуся да іх.
«НН»: Дарэчы, бацькі ніколі не намякалі вам, што трохі не таго мужа выбралі? Усё ж, крыміналка, другая, дачка без таты расце.
ВП: Ніколі. Нават калі я выходзіла за Эдзіка, а ён быў пад крымінальным пераследам. Ды і бацькі вельмі добра разумеюць, што адбываецца, яны цалкам на нашым баку. Цікавяцца, як ён там, як яго настрой. Ад іх толькі падтрымка і ў мой бок, і ў бок Эдзіка.
«НН»: Вы ж з Эдуардам хрысціянскія вернікі — гэты год не прынёс расчаравання ў рэлігіі?
ВП: Наадварот, я не раз лавіла сябе на думках, як жа ўсё гэта вывозіць людзям, якія не вераць у Бога. Бо вера, што ў Беларусі ўсё будзе добра, моцна звязаная з верай у Бога.
І для ўсіх, хто забіваў і катаваў, справядлівы суд будзе адназначна. Суд, на якім не атрымаецца націснуць на суддзю, суд, на якім будуць знятыя ўсе балаклавы і на якім усе будуць выступаць пад сваімі імёнамі. Гэты суд іх чакае адназначна. Спадзяюся, што мы яго ўбачым і на гэтай зямлі на свае вочы таксама.
Эдуард жа яшчэ на Акрэсціна цалкам прачытаў Біблію і турэмны час ён выкарыстоўвае для разважанняў і малітваў. І ў такім плане зняволенне ідзе яму нават на карысць, бо няма інфармацыйнага шуму, ёсць магчымасць сканцэнтравацца на такіх вось важных рэчах.
«Літва — цудоўная краіна, літоўцы вельмі гасцінныя людзі. Але ж тут не дом»
«НН»: Чаго не хапае галоўнага праз год без Эдуарда?
ВП: Больш за ўсё не хапае размоў, абмену думкамі, бо праз лісты гэта заўсёды неяк разарвана, урыўкамі. Жыццё цячэ хутка і не хапае таго, каб абмеркаваць усё гэта разам.
«НН»: Прабачце за такое пытанне, кажуць, Эдуард схуднеў трохі?
ВП: Ён увогуле аптымістычна настроены на гэты конт, мяркуючы па лістах, сам ён хацеў бы яшчэ трохі скінуць. Кажа, някепска, але не аптымальна. Ну, ён сапраўды хацеў схуднець, пісаў нават, што падчас адсідкі разам з нейкім трэнерам набраў у яго парадаў па правільным харчаванні.
«НН»: А чаго вам не хапае ў Літве ў параўнанні з Беларуссю?
ВП: Беларусаў, напэўна. Як сказаць… Літва — цудоўная краіна, літоўцы вельмі гасцінныя людзі. Але ж тут не дом. Вось і ўсё.
«НН»: Давайце «дадзім Дудзя». Каб сустрэліся з Лукашэнкам, што б яму сказалі?
ВП: Не хацелася б адказваць на такое пытанне. Бо калі на мяне яшчэ няма крыміналкі, то пасля адказу яна адразу з’явіцца.