Ціктокеры запусцілі трэвэл-блог «Бусь Беларусь»: пра краіну, людзей і мясціны, якім хочацца даць буську
У вандроўкі па несталічнай Беларусі запрашаюць шоўмен Мікіта Найдзёнаў і зоркі беларускамоўнага TikTok Ліза Ветрава ды Мікіта Бялевіч.
23.09.2021 / 21:51
У першым выпуску вядоўцы едуць па маршруце Лепель — Сахновічы — Ушачы — Полацк і эмацыйна дзеляцца ўражаннямі ад мясцін і людзей.
Прадстаўнікі TikTok-пакалення «Бусь Беларусь» адкрываюць невялікія гарады і мястэчкі, знаёмяцца з тымі, хто рупіцца пра захаванне спадчыны, дбае аб прыгажосці малой радзімы ці хай сабе проста жыве тут.
«Мы не проста паказваем архітэктурныя помнікі, распавядаем гісторыі сівой даўніны, але шукаем эмоцыі ў сучаснасці, залазім у закінутыя будынкі і… спрабуем замовіць каву з раслінным малаком», — тлумачаць вядоўцы.
Як і чым жывуць, пра што думаюць і мараць беларусы ў розных кутках краіны? Мясцовыя героі і гарадскія дзівакі, супольнасці і яркія ініцыятывы адзіночак, традыцыі ды сучасныя гісторыі. Пра ўсё гэта ў выпусках трэвэл-блога «Бусь Беларусь» — абяцаюць стваральнікі.