«Я з усімі вамі распраўлюся не па-дзіцячы. Проста пагражаю». Зʼявілася аўдыя з голасам, падобным да Караева
У інтэрнэце зʼявіўся новы запіс, на якім голас, падобны да голаса былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева, распавядае аб задачах міліцыі па ахове ўчастковых камісій у дзень выбараў. Настройвае ўсіх на сур'ёзную мабілізацыю, каб рыхтаваліся да найгоршага — пратэстоўцаў будзе шмат. Селектарная нарада з кіраўнікамі УУС абласцей, запэўніваюць у сеціве, прайшла 6 жніўня 2020 года. Робім блізкі пераказ прамовы.
17.09.2021 / 20:26
Даць упэўненасць членам участковых камісій
«Самае галоўнае — гэта ўпэўненасць у вас участковых камісій аж да таго, што хай праедуцца вашы групы самі, без усялякіх выклікаў, па ўчастках, па 5-7 чалавек, пазначаць сябе ў форме, скажуць старшыні, вось мой тэлефон — тэлефануйце.
Задача на гэтыя дні датэрміновага галасавання — засцерагчы іх ад пагроз, таму што мне нават з радавых участкаў школ тэлефануюць, мае асабістыя знаёмыя — завуч, дырэктар — баяцца. Вельмі сурʼёзна пастаўцеся да гэтага.
Мне пра кожны гэты выпадак альбо Качанава, альбо Шэйман у рэжыме анлайн, не разбіраючы, ноч ці дзень, кажуць».
Не дапусціць пратэстоўцаў у Мінск
«Мінская вобласць — гэта першае кальцо абароны. Зачыніце ўсіх у турму. Турму я маю на ўвазе — унутры раёна. Начальнік міліцыі Круглага не павінен нікога з Круглага выпусціць.
З Клімавічаў ніхто не павінен выехаць. Калі кожны начальнік міліцыі ўключыцца… А калі кожны з іх прафукае, то памножце гэта на 140 раёнаў. Гэта 1400 — тая крытычная маса, якая ў Мінску будзе мець значэнне. Таму што з мінскімі мы ўжо разбяромся самі.
Але калі кожны з вас «дэлегуе» па 10 чалавек у Мінск, то гэта будзе вельмі няправільна. Я з усімі вамі распраўлюся не па-дзіцячы. Проста пагражаю. Гэта нават не жарт, я сурʼёзна кажу».
Усе павінны на ўсіх стукаць
«Проста перадаю задачу галоўнакамандуючага. Усё насельніцтва — нашы, не нашы, апазіцыянеры, памагатыя амерыканскіх зялёных берэтаў — усе, усе павінны на ўсіх стукаць. Калі не тыя людзі зʼявіліся… Калі негры ў камуфляжы, з заплечнікамі, парашутамі — каб мы ведалі пра гэта праз насельніцтва. Прамая каманда галоўнакамандуючага».
У дзень выбараў
«Тэлеграм-каналы (прызнаныя экстрэмісцкімі — заўв. НН) заклікаюць галасаваць масава на 18:00, каб застацца на ўчастках, блакаваць і патрабаваць падліку галасоў пры іх. Вядома, гэтага быць не павінна.
Глядзіце самі, па колькі чалавек вы можаце даць ім сабрацца. Дзесьці ў вёсцы 5 чалавек — гэта ўжо масавыя беспарадкі, а на Каменнай Горцы пяць — гэта, можа, адзіночны пікет.
Але галоўнае, не даць сабрацца натоўпу, які потым будзе цяжка прабіць машынай з бюлетэнямі. Ваша задача, каб яна без ахвяр даехала да раённага выбаркама.
І можна першы пот з ілба выцерці, калі ў раён будуць дастаўлены бюлетэні, а ўсе члены камісіі будуць дастаўлены дадому за жалезны плот і жалезны замок без паражэнняў псіхікі і цела.
Шэйман паабяцаў, што дасць па другой машыне для членаў участковых камісій, якія не едуць суправаджаць бюлетэні. Каб ні адзін член камісіі не вяртаўся дадому адзін, дрыжучы ад страху.
А то на яго нападуць актыўныя грамадзяне і будуць патрабаваць: прызнавайся на відэа, што ты фальсіфікаваў, інакш мы цябе заб'ём, тваіх дзяцей, твой дом спалім, машыну спалім і г. д. Яны павінны дабрацца да хаты без уздзеяння гэтых людзішак.
Уявіце сабе, што яны будуць на кожным участку. Вось з гэтага і зыходзьце. Адпрацоўвайце горшы варыянт. Усе ўчасткі трапяць пад пагрозу.
Таму дружыннікаў, якіх вам удалося нагрэбці, адвядзіце на суправаджэнне членаў выбаркамаў».
Пра мабілізацыю
«Трэба людзей у дапамогу — узялі з вайсковай часткі. У вайсковых частках унутраных войскаў падлічыць усіх, мабілізаваць усіх. У райаддзелах падлічыць усіх. Недатычных у гэты дзень быць не павінна.
Пра зэкаў, якія падтрымліваюць Ціханоўскага, і пра бунт на зоне
«Тыя вязні, якія былі ў камандзе грамадзяніна Ц., аб якіх неаднаразова казаў кіраўнік дзяржавы, — 44 зэкі, 13 рэцыдывістаў — могуць мець намер… А можа гэта панты — ну чым зэк можа дапамагчы ў рэвалюцыі Ціханоўскаму?
Ну а раптам? Таму павызывайце іх і паспытайце, як рэжым, як аператыўнікі працуюць, што з гэтай нагоды кажуць.
Зразумела, я ўсіх канвойнікаў у Мінск выклікаю, там зводнага атрада няма ў зону ўвайсці і палкамі пагладзіць. Кулямёты на вышках паставім, калі на тое пайшло. Бо мы там унутраныя войскі канфіскавалі, засталося два склады аховы.
У зону САХР і АМАП, як у добрыя часы, не прышлю — яны тут занятыя, але слых пусціць, можа быць, прыйдзецца, што мы іх у бараках і спалім, калі на тое пайшло».
Афіцыйных каментароў МУС наконт гэтага запісу не было.