Праваабаронцам сталі вядомыя прозвішчы некаторых палітвязняў, якіх памілавалі

Гэта Віктар Каліноўскі з Брэста, Валерый Лоза са Светлагорска і Максім Шаўлінскі з Оршы ды іншыя. 

16.09.2021 / 12:52

Берасцеец Віктар Каліноўскі, асуджаны да 2,5 года «хіміі», адбываў пакаранне ў шклоўскай ПУАТ №49. Яго асудзілі па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса за надпісы на некалькіх прыпынках і гандлёвым кіёску ў Брэсце. 

Жыхара Светлагорска Валерыя Лазу абвінавачвалі ў абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім сваіх абавязкаў (арт. 369 Крымінальнага кодэкса). Суд прызначыў Валерыю 2,5 года абмежавання волі з накіраваннем на хімію. Пакаранне адбываў у Ваўкавыску.

Максім Шаўлінскі з Оршы быў асуджаны да 2 гадоў «хіміі» за каментар у закрытым тэлеграм-чаце. Яго абвінавацілі ў паклёпе на супрацоўніка міліцыі па артыкуле 188 Крымінальнага кодэкса (Паклёп). Сваё пакаранне ён адбываў у Мазыры. Сёння яго таксама павінны вызваліць. 

Ігар Быкоўскіх з Мінска, Яўген Пашалюк з Камянца і Яўген Каральчук з Століна адбывалі пакаранне ў ПУАТ №46, а Сяргей Рудзінскі ў ваўкавыскай ПУАТ №29.

Усе яны былі асуджаныя па дыфамацыйных артыкулах: здзек з дзяржаўных сімвалаў, абраза прадстаўніка ўлады і абраза суддзі. Яўгена Каральчука асудзілі да 1 года «хіміі», Ігара Быкоўскіх — да 1,5 гадоў, Яўгена Пашалюка — да 2 гадоў, Сяргея Рудзінскага — да 1,5 гадоў. Сёння яны павінны выйсці на волю.

Палітвязня Вадзіма Сычака з Бярозы, асуджанага да 1 года «хіміі» за разбітае шкло ў аўтобусе 10 жніўня ў Бярозе (арт. 339 Крымінальнага кодэксу), пераводзяць на «хатнюю хімію».

Аляксандр Баброў — 2,5 гады калоніі агульнага рэжыму (Арганізацыя ці ўдзел у дзеяннях, які парушаюць грамадскі парадак).

Сярод памілаваных — палітзняволеная медсястра з Віцебска Юлія Кашаверава, якую асудзілі да 1,5 года калоніі

Яе абвінавацілі па ч.1 арт. 339 КК (злоснае хуліганства) за тое, што яна падчас мірнай акцыі пратэсту 4 кастрычніка мінулага году сарвала маску і галаўны ўбор з супрацоўніка МУС і ўдарыла нагой па міліцэйскім бусе. На судзе яна не адмаўляла, што пасля таго, як ёй не далі аказаць дапамогу пацярпеламу, не стрымалася і нанесла тры ўдары па задніх дзвярах міліцэйскага мікрааўтобуса. 

За кратамі медсястра знаходзілася амаль 11 месяцаў. Юлія адбывала пакаранне ў жаночай гомельскай калоніі №4. 

Што вядома пра 13 чалавек, якіх памілаваў Лукашэнка?

Nashaniva.com