Што вядома пра 13 чалавек, якіх памілаваў Лукашэнка?

дапоўнена

Учора стала вядома, што указам Лукашэнкі памілаваныя 13 чалавек. «Наша Ніва» паспрабавала даведацца, хто сярод іх і калі могуць выпусціць астатніх. 

16.09.2021 / 12:27

Сярод памілаваных — асуджаныя па наступных артыкулах:

У эфіры БТ агучылі, што ў спісе, які падавалі на памілаванне, частка была асуджана за карупцыю, незаконнае абарачэнне наркотыкаў ці зброі. 

«У гэтым спісе 6 ці 7 прадстаўнікоў банкаўскай супольнасці, якія праходзяць па справе Белгазпрамбанка, і адзін дырэктар філармоніі. Канечне, яны ўсе сядзяць па карупцыйных артыкулах. Наконт наркатычных — нашай камісіі не было вядома, што хтосьці прыцягваўся па іх.

94 з гэтай сотні ўпершыню прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці, магчыма, з астатніх хтосьці сапраўды раней быў асуджаны па наркатычным артыкуле. Магчыма, у іх пры вобшуку штосьці знайшлі», — тлумачыць Юрый Васкрасенскі. Ён кажа, што ў спісах на памілаванне толькі палітычныя.

Чакалася, што першыя 100 чалавек апынуцца на волі ўжо да 17 верасня. Пакуль з іх памілавалі толькі 13. Калі выпусцяць астатніх?

«Камісія па памілаванні пры прэзідэнце працягвае працаваць над нашымі спісамі. Яна засядае раз на квартал, таму думаю, што ў наступным квартале грамадства атрымае яшчэ порцыю добрых навін.

Некаторыя абвінавачаныя па эканамічных артыкулах могуць выйсці ў рамках дасудовай згоды па артыкуле 88-1 КК. Але асноўная маса грамадзян, чые прысуды ўступілі ў сілу, могуць быць адпушчаны толькі ў парадку працэдуры памілавання», — кажа Васкрасенскі.

У тэлеэфіры прагучала таксама, што на памілаванне могуць разлічваць толькі ўжо асуджаныя палітвязні. Які тады сэнс рассылаць лісты з прапановай пісаць прашэнне ў СІЗА?

«Наша камісія прапанавала такі варыянт: у сувязі з тым, што суддзя ведае, што чалавек раскаяўся і напісаў прашэнне аб памілаванні, ён можа або вынесці прысуд з мінімальна магчымай санкцыяй, прадугледжанай тым ці іншым артыкулам, або вынесці яго з адтэрміноўкай да разгляду прашэння», — дзеліцца Васкрасенскі.

Пакуль такіх выпадкаў не было. 

Па інфармацыі «Нашай Нівы», памілаваным сёння да 14-й гадзіны будзе зачытаны ўказ Лукашэнкі, і яны выйдуць на волю. З тых 13 на хімію пераводзяць пару чалавек. 

Дапоўнена. Праваабаронцам «Вясны» сталі вядомы імёны памілаваных.

Спіс памілаваных:

  1. Віктар Каліноўскі — 2,5 года «хіміі» (арт. 339 КК, злоснае хуліганства), пакаранне заменена на «хатнюю хімію»
  2. Валерый Лоза — 2,5 года «хіміі» (арт. 369 КК, абраза прадстаўніка ўлады)
  3. Максім Шаўлінскі — 2 гады «хіміі» (арт. 188, паклёп)
  4. Ігар Быкоўскіх — 1,5 года «хіміі» (арт. 369 КК, абраза прадстаўніка ўлады)
  5. Яўген Каральчук — 1 год «хіміі» (арт. 370 КК, здзек з дзяржсімвалаў)
  6. Сяргей Рудзінскі — 1,5 года «хіміі» (арт. 369 КК, абраза прадстаўніка ўлады)
  7. Яўген Пашалюк — 2 гады «хіміі» (арт. 391 КК, абраза суддзі)
  8. Вадзім Сычык — 1 год «хіміі» (арт. 339 КК, хуліганства), пакаранне заменена на «хатнюю хімію»
  9. Аляксандр Баброў — 2,5 года калоніі агульнага рэжыму (арт. 342 КК, арганізацыя ці ўдзел у дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак)
  10. Юлія Кашаверава — 1,5 года калоніі (арт. 339 КК, злоснае хуліганства)
  11. Аляксей Коршун — 2,5 года калоніі (арт. 130 КК, распальванне сацыяльнай варожасці)
  12. Яўген Говар — 2,5 года калоніі (арт. 342 КК, арганізацыя ці ўдзел у дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак)
  13. Яўген Рапін — 3 гады «хіміі» (арт. 342 КК, арганізацыя ці ўдзел у дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак)

Nashaniva.com