Справа пра «самагубства» беларуса Шышова ў Кіеве. Чаго чакае следства?
Праз месяц пасля дзіўнага самагубства беларуса Віталя Шышова прычына смерці ўсё яшчэ не ўстаноўленая.
09.09.2021 / 16:02
Naviny.by пагаварылі з адвакатам, а таксама з галоўным сведкам па справе пра самагубства ў Кіеве беларуса Віталя Шышова. Ёсць рызыка, што следства расцягнецца на гады, як гэта здарылася з расследаваннем забойства журналіста Георгія Гангадзэ.
Крыху больш за месяц таму беларуска, палітычная эмігрантка Бажэна Жолудзь паведаміла ў кіеўскую паліцыю аб знікненні свайго грамадзянскага мужа 26-гадовага Віталя Шышова. Яна распавяла, што раніцай 2 жніўня мужчына выйшаў на прабежку ў Святошынскі лесапарк побач з домам і да таго часу не з'явіўся.
Раніцай наступнага дня Віталя знайшлі ў тым жа парку павешаным.
Следства, якое вядзе Дэпартамент стратэгічных расследаванняў Нацыянальнай паліцыі Украіны пад наглядам Генпракуратуры, разглядае дзве версіі здарэння: самагубства і наўмыснае забойства з імітацыяй самагубства.
Сярод матываў забойства гучаць тры версіі: крымінал, канфлікт з апалчэнцамі з АТА, заказное забойства агентамі беларускіх спецслужбаў.
Палітычны актывіст Віталь Шышоў восенню 2020 года збег у Кіеў ад пераследаў у Беларусі, у апошнія месяцы каардынаваў дзейнасць часткі беларускай дыяспары ва Украіне, быў кіраўніком Беларускага дома ва Украіне.
Кіеўскі адвакат Алена Гаўрылюк 8 верасня паведаміла Naviny.by, што скончыла азнаямленне з матэрыяламі справы па факце смерці Віталя Шышова, доступ да якіх яна атрымала крыху больш за тыдзень таму. Гаўрылюк з'яўляецца прадстаўніком пацярпелага боку: 27 жніўня следства пацвердзіла, што дзядзька Віталя Шышова мае статус пацярпелага.
Зараз блізкія і сябры Шышова сканцэнтраваны на двух галоўных пытаннях — па-першае, трэба па-чалавечы пахаваць Віталя, аднак морг без дазволу пракуратуры цела не выдае.
Па словах адваката, «цела для пахавання нам ніхто не выдасць, пакуль не будзе скончана судова-медыцынская экспертыза на прадмет ўстанаўлення прычыны смерці і характару цялесных пашкоджанняў».
Вось гэтая экспертыза і ёсць па-другое. Ці праводзілася яна наогул — яшчэ адно вялікае пытанне.
Як паведаміла адвакат, у матэрыялах справы экспертызы няма. З пракуратуры яна атрымала адказ, што «па стане на 3 верасня судмедэкспертыза не паступала ў Кіеўскую гарадскую пракуратуру і следчыя органы».
Таму дазволу на выдачу цела аформіць не могуць.
Алена Гаўрылюк рыхтуе зварот да міністра ўнутраных спраў Украіны.
«Мы хочам ведаць асноўнае: ці могуць траўмы, выяўленыя на целе, сведчыць аб гвалтоўнай смерці, ці гэта сляды ад першай няўдалай спробы павешання. Спецыяліст, які павінен правесці экспертызу, таксама дае характарыстыку іншым цялесным пашкоджанням», — кажа адвакат.
Як паведамляюць прадстаўнікі следства, на целе Шышова ёсць траўмы на нагах і руках, паходжанне якіх трэба растлумачыць.
Па агульнай практыцы на правядзенне судмедэкспертызы адводзіцца месяц. Таму Алена Гаўрылюк чакала знайсці яе вынікі ў матэрыялах справы, якія налічваюць ужо дзевяць тамоў. Аднак там іх, нагадаем, не аказалася.
«У асноўным справу складаюць пратаколы апытанняў сведак. Аднак самага важнага на сёння дакумента ў матэрыялах няма», — паведаміла адвакат.
Адсутнасць экспертызы, а таксама ўмовы захоўвання цела выклікаюць у блізкіх Віталя асцярогі: доказы, якія гавораць на карысць версіі наўмыснага забойства, могуць быць праігнараваныя, недастаткова вывучаны або знішчаны натуральным шляхам.
Па словах Бажэны Жолудзь, з моманту выяўлення «цела захоўваецца ў моргу пры тэмпературы 5-7 градусаў цяпла».
«Гэта мы даведаліся ад работнікаў морга. Пры гэтым стандарт захоўвання цела ў Украіне — +2 градусы. А для крымінальных выпадкаў звычайна выкарыстоўваецца больш нізкая тэмпература, каб захаваць сляды пашкоджанняў на целе. Але для нізкіх тэмператур, як сказалі мне ў моргу, трэба спецыяльнае распараджэнне следчых органаў, якога ў работнікаў морга не было і няма. Я адправіла запыт у пракуратуру, каб яны растлумачылі, з чым звязаная такая халатнасць, але яны спусцілі мой зварот следству», — распавяла Бажэна Жолудзь карэспандэнту Naviny.by.
Жолудзь не ведае, у якім стане зараз знаходзіцца цела яе грамадзянскага мужа. Маладая жанчына кажа, што «цела не паказалі, але пры такіх умовах захоўвання праз месяц там ужо няма на што глядзець ні мне, ні экспертам. Гаворка пра пахаванне ў адкрытай труне ўжо не ідзе».
1 верасня адвакат Алена Гаўрылюк зрабіла запыт у Кіеўскую гарадскую пракуратуру аб выдачы цела Віталя Шышова з морга, у адваротным выпадку адвакат чакае аргументаваны адказ аб прычынах нявыдачы цела.
Таксама ў пракуратуру адвакатам быў накіраваны запыт аб азнаямленні з вынікамі экспертызы для ўстанаўлення прычын смерці Шышова, калі такая экспертыза праводзілася.
«Ва Украіне, згодна з правіламі Міністэрства аховы здароўя, калі на працягу месяца эксперт не зрабіў экспертызу, то ён павінен даваць пісьмовае тлумачэнне або ў пракуратуру, або следчаму, а таксама вуснае тлумачэнне свайму вышэйстаячаму кіраўніцтву», — адзначыла адвакат.
Бажэна таксама паведаміла, што ў сярэдзіне жніўня ў Кіеў з Літвы для правядзення экспертыз прыбылі запрошаныя на дзяржаўным узроўні спецыялісты.
Гэтую інфармацыю пацвердзіла і адвакат. Паводле яе слоў, для Украіны гэта звычайная практыка для такіх гучных спраў, як смерць палітычнага актывіста. Аднак, па звестках прадстаўнікоў загінулага, міжнародныя эксперты пакуль не атрымалі доступ да цела, так як адпаведныя дазвольныя дакументы яшчэ не аформлены следствам.