У Гвінеі адбыўся пераварот. Вайскоўцы зрынулі 83-гадовага прэзідэнта, які год таму змяніў канстытуцыю

05.09.2021 / 20:23

Армейскі спецназ Гвінеі абвясціў аб звяржэнні 83-гадовага прэзідэнта Альфы Кондэ і роспуску ўрада.

Відавочцы паведамляюць, што ў раёне рэзідэнцыі ў нядзелю адбыўся бой, а ў сацсетках распаўсюджваюцца відэа і фота прэзідэнта ў асяроддзі ўзброеных людзей у вайсковай форме.

Ваенныя абвясцілі па дзяржаўнаму тэлебачанню, што прэзідэнт Альфа Кондэ зрынуты і арыштаваны, а ўрад распушчаны.

Вайскоўцы заявілі ў тэлезвароце, што ўзялі ўладу праз тое, што краіна загразла ў карупцыі і галечы.

Альфа Кондэ, якому цяпер 83 гады, большую частку жыцця быў апазіцыянерам і змагаўся з аўтарытарнымі кіраўнікамі гэтай заходнеафрыканскай краіны, якая лічыцца адной з самых бедных у свеце.

У 2010 годзе ён перамог у другім туры прэзідэнцкіх выбараў, стаўшы першым дэмакратычна абраным лідарам Гвінеі, а ў 2015-м пераабраўся на пасаду кіраўніка дзяржавы.

У сакавіку 2020 года ў Гвінеі быў праведзены канстытуцыйны рэферэндум, дзякуючы якому прэзідэнцкія тэрміны Кондэ абнуліліся і ён змог балатавацца на трэці тэрмін.

Nashaniva.com