«Выбачаемся, што зачапілі пачуцці рускіх». Як у Расіі цкуюць тых, хто не ўпісваецца ў «традыцыйныя каштоўнасці» 

Для беларускага коміка Ідрака Мірзалізадэ жарт пра рускіх не скончыўся толькі 10 суткамі. МУС Расіі прызнала непажаданым яго знаходжанне — яму пажыццёва забаранілі ўезд у краіну. Гэта не першы выпадак, калі адэпты традыцыйных каштоўнасцяў абвяшчаюць вайну тым, хто на іх пасягае. Згадалі нядаўнія гучныя выпадкі.

31.08.2021 / 17:26

Сушы і цемнаскуры мужчына

Днямі ў цэнтры скандалу апынулася краснаярская сетка дастаўкі сушы «ЁбиДоёби». На іх новым рэкламным фота — цемнаскуры мужчына з роламі ў атачэнні трох дзяўчат.

Сетку сталі абвінавачваць у «прапагандзе мультыкультуралізму» і дасылаць пагрозы. Асабліва абурыўся рух «Мужчынская дзяржава», які прасоўвае ідэі патрыярхату і нацыяналізму. 

У выніку кампанія выдаліла рэкламны пост і выбачылася перад нацыяй, што «зачапіла рускіх сваімі фатаграфіямі».

Матрыярхальная сям’я

У канцы чэрвеня сетка крамаў «Вкусвилл» апублікавала рэкламны артыкул «Рэцэпты сямейнага шчасця». Сярод герояў была ЛГБТ-пара жанчын — веганкі і актывісткі, якія адстойваюць правы чалавека.

Пасля гэтага на краму абрынулася хваля хэйту — тысячы негатыўных каментароў. Крама спачатку тлумачыла, што так яны хацелі паказаць разнастайнасць сваіх кліентаў. Але пад ціскам грамадскага асуджэння прыбрала артыкул і выбачылася.

«Мы шкадуем, што так атрымалася, і лічым гэту публікацыю сваёй памылкай, якая стала праяўленнем непрафесіяналізму асобных супрацоўнікаў», — напісала кампанія.

Аўтары рэкламы звольніліся.

Пагрозы паступалі і сям’і, што знялася для артыкула. У жніўні яны вымушаны былі эміграваць з Расіі ў Іспанію.

Жарт пра Ісуса

Летась на некалькі месяц з Расіі з’язджаў комік Аляксандр Даўгаполаў. Ён стаў хвалявацца за сваю свабоду пасля таго, як яго выступам зацікавілася паліцыя. Жарт пра тое, што Ісуса лагічна было б назваць Багданам (то-бок «богам дадзены»), не спадабаўся жыхару Арэха-Зуева — ён палічыў, што комік абразіў пачуцці веруючых, і напісаў на яго скаргу. Паліцыя прыходзіла з праверкай у піцерскі клуб HopHead, дзе запісвалася шоу, на якім прагучаў гэты жарт, і збірала звесткі пра Даўгаполава.

Па федэральным тэлебачанні пасля «прайшліся» па коміку, заявіўшы, што ён адпрацоўвае ролю ахвяры па правераных схемах. «Папярэдняе амплуа жартаўніка забытае. Новы пінжачок рамантычнага змагара за свабоду падганяецца па плячах», — кпілі прапагандысты.

Шлюб з «неславянскім мужчынам»

У ліпені ў Зеленаградску патануў студэнт з Нігерыі Рычард Элуемунор, калі ратаваў незнаёмку. Яго жонка Наталля апублікавала пост пра смерць мужа — і пачалося.

Удаву сталі цкаваць за адносіны з неславянскім мужчынам, пісаць расісцкія і зневажальныя каментары, называць «чарнільніцай». Зноў, дарэчы, з падачы руху «Мужчынская дзяржава».

Трансгендарная спартсменка на Алімпіядзе

На алімпіядзе ў Токіа выступала навазеландская цяжкаатлетка Ларэл Хабард. Яна трансгендарная жанчына. Расійскае дзяржТБ не ўпусціла магчымасці пакпіць з гэтага. Так, вядучы на «Першым канале» апрануў парык з коскамі, парадзіруючы спартсменку, і заяўляў, што такія людзі «псіхапаты» і іх трэба лячыць. 

У эфіры «Расія 1» дэпутат Дзярждумы Аляксей Жураўлёў выказаўся, што яны супраць «гэтых вычварэнстваў і пошласці».

Міжнародны алімпійскі камітэт патрабаваў тлумачэнняў у тэлеканалаў з-за знявагі ЛГБТ-спартсменаў.

Nashaniva.com