Лукашэнка заявіў, што Беларусь выканае ўсе абавязкі па пастаўцы калію

Аляксандр Лукашэнка заявіў у пятніцу ў Петрыкаве, што краіна нават ва ўмовах санкцый выканае свае абавязацельствы па экспартных пастаўках калійных угнаенняў.

27.08.2021 / 13:56

«Попыт на яго вялікі і расце з года ў год. «Беларуськалій» — адзін з вядучых гульцоў на сусветным рынку ўгнаенняў, робіць і прадае больш за 20% калійных угнаенняў. Але самае галоўнае, я не пабаюся гэтага слова, паколькі глыбока пагружаны ў вытворчасць і продаж калійных угнаенняў, гэта самы надзейны партнёр у свеце. І мы ніколі не падводзілі і не падвядзём сваіх партнёраў», — сказаў Лукашэнка падчас адкрыцця Петрыкаўскага горна-ўзбагачальнага камбіната. Яго словы цытуе БелТА.

Паводле яго слоў, нават цяпер, ва ўмовах санкцый ЗША і краін ЕС, калі «збеглыя апазіцыянеры гэтыя санкцыі выпрошваюць, Беларусь нікога не падводзіць і абавязкова выканае ўсе свае абавязальніцтвы».

«Мы, наадварот, шукаем новыя адрасы паставак, новыя магчымасці дастаўкі тавара. У калійных угнаеннях з Беларусі сёння зацікаўлены такія гіганты, як Кітай, Бразілія, Індыя і мноства іншых краін, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Свет вялікі. Праз пандэмію каранавіруса на планеце яшчэ вастрэй паўстала пытанне забеспячэння харчаваннем, прадуктамі харчавання, такім чынам, і ўгнаеннямі».