За надпіс на майцы «Пішыце лісты» затрыманы гамяльчук Ілля Міронаў. Ён даслаў палітвязням дзве тысячы лістоў

Праваабаронцы паведамляюць, што ў Гомелі зноў затрыманы валанцёр Ілля Міронаў. Ён ужо быў за кратамі ў ліпені па крымінальнай справе, тады яго адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Цяпер яго затрымалі за надпіс на майцы «Пишите письма»: гэта палічылі «несанкцыянаваным пікетаваннем», 18 жніўня пройдзе суд. 

17.08.2021 / 16:46

За апошні год актывіст з Гомеля Ілля Міронаў напісаў палітзняволеным больш за дзве тысячы лістоў. Гэта першае, што ён пачаў зноў рабіць, калі выйшаў з ІЧУ пасля васьмі сутак. Міронава ўзялі як падазраванага па артыкуле 289 КК — акт тэрарызму. Менавіта такую «падзяку» валанцёр атрымаў ад сілавых структур за тое, што дапамагае рэпрэсаваным беларусам словам, прадуктамі, наведвае суды.

Пасля вызвалення ў інтэрв’ю «Нашай Ніве» Ілля казаў, што і далей будзе пісаць лісты палітвязням, пакуль яны не выйдуць на свабоду. 

Nashaniva.com