«Стужачкі — гэта другасна, нам патрэбны галовы». Галасы, падобныя да Эйсмант і Балабы, цынічна абмяркоўваць аблавы на двары
У сеціва выклалі аўдыязапісы размоў, дзе галасы, падобныя да прэс-сакратаркі Лукашэнка Наталлі Эйсмант і камандзіра мінскага АМАП Дзмітрыя Балабы, плануюць аблавы на двары.
09.08.2021 / 16:20
Камунальнікі замазваюць графіці ў Мінску
Сцвярджаецца, што размова адбылася 2 лістапада 2020 года. Падчас яе абмяркоўваецца, як кампанія паедзе ў самы жорсткі двор, а сілавікі іх будуць падстрахоўваць. Сярод «праблемных» месцаў называецца Мегаполіс, Каскад, Плошча Перамен. У той вечар група па зразанні стужак паехала да таўнхаўсаў на Старазаслаўскай трасе, а пасля — у Новую Баравую.
Паражае цынічнасць размоў. Вось некалькі вытрымак.
«Я спадзяюся, што паляванне ваша сёння будзе ўдалым. Але ж мы таксама не сядзім на месцы», — зычыць голас, падобны да Балабы.
***
«Я і кажу, што гэта [змагары] выміраючы від», — кажа мужчынскі голас.
«Ну штосьці трэба зрабіць, давайце іх як-небудзь выцягваць», — прапануе жаночы.
«Давайце загоннае паляванне».
***
«Стужачкі — гэта ж другасна, нам патрэбны галовы», — смяецца голас, падобны да прэс-сакратаркі Лукашэнка.
Гэта не першы выпадак, калі ў сеціва трапляюць аўдыёзапісы з голасам, падобным да Эйсмант, дзе абмяркоўваюцца аблавы на двары, жыхары якіх падтрымлівалі перамены ў Беларусі і развешвалі бчб-стужкі, рабілі патрыятычныя графіці. На адзін з такіх зліваў адрэагавала КДБ, заявіўшы, што гэта была наўмысная правакацыя, каб выявіць тых, хто арганізоўваў беспарадкі ў Беларусі.
На гэты раз запісы выклала група, якая называе сябе «кіберпартызанамі». Яны сцвярджаюць, што таксама ўзламалі пашпартную базу з персанальнымі данымі ўсіх грамадзян Беларусі, базу ДАІ, базу «Беспарадкі» (з данымі па затрыманых па «народным» артыкуле 23.34), даныя са шпіталю МУС, базу галоўнага ўпраўлення кадраў МУС.
Сілавікі і дзяржаўныя СМІ ніяк не каментуюць сітуацыю, даных пра тое, што супраць «кіберпартызанаў» заведзена крымінальная справа, пакуль няма.