«Сястра, як пачула голас, заплакала». Што зараз з Яўгенам Заічкіным, якога 9 жніўня лічылі загінулым
Фота з пратэстаў Яўгена Заічкіна абляцела ўвесь свет: беспрытомны і ў крыві, ён ляжыць ля аўтазака, а разгублены амапавец разводзіць рукамі. «Я яго адпусціў! Вы хуткую выклікайце, дэбілы!» — у паніцы крычыць натоўпу сілавік у масцы. Яўгена лічылі загінулым, і толькі на наступны дзень блізкія даведаліся, што ён у бальніцы. Цяпер Заічкін у Вільні. Для «Нашай Нівы» ён згадвае той дзень і распавядае, як пражыў гэты год.
10.08.2021 / 18:53
Падзеі 9 жніўня Яўген памятае ўрыўкамі. Затрымалі яго на Нямізе.
«Калі ўбачыў бакавым зрокам бусік і як адтуль выбягаюць амапаўцы, я стаў на калені і падняў рукі.
Першыя 10 удараў памятаю, а пасля не. Унутры аўтазаку я прыходзіў у сябе, глядзеў у акно, каб зразумець, дзе я. Амапаўцаў там было шэсць чалавек, і я памятаю тыя вочы — ім было страшна, яны былі рады, што не на вуліцы.
Калі пачалі ўзрывацца гранаты і трапіў дым у аўтазак, я прысеў, і мне зноў стала дрэнна. Наступнае, што памятаю, — як ляжаў на мокрай траве, было холадна і вакол сілуэты ў чырвоных камізэльках».
Дактары забралі мужчыну ў бальніцу хуткай дапамогі. ЧМТ, пашкоджанне шыйных пазванкоў, разарваная губа і шматлікія гематомы — у такім стане Заічкін быў пасля затрымання.
«Калі апрытомнеў, нада мной стаялі два міліцыянты з папкамі і нейкімі паперамі. Папрасілі распавесці, пры якіх абставінах што здарылася, але я сказаў, што мне дрэнна і не магу зараз гаварыць. Калі яны сышлі, я падняўся, зразумеў, што магу хадзіць, падышоў да паста і папрасіўся ў медсястры сысці. Яна сказала, што зараз падыдзе доктар — калі ён вас адпусціць, то можна».
Пра тое, што Яўген жывы, не ведалі нават яго блізкія. Тэлефон растапталі пры затрыманні. У палаце разбіты экран пастаянна міргаў, але мужчына не мог адказаць на званкі. Толькі пазней успомніў, што мае з сабой навушнікі, і праз іх пачаў прымаць выклікі.
«Дазванілася стрыечная сястра. Як пачула голас, заплакала. Мне ўжо паказалі, што пішуць у інтэрнэце, таму я папрасіў, каб майму 12-гадоваму сыну не ўключалі навіны».
Пасля выпіскі з бальніцы Яўген паехаў шукаць брата, якога затрымлівалі разам з ім. Чатыры дні пра яго не было інфармацыі. Знайшлі брата ў лячэбна-працоўным прафілакторыі пад Слуцкам, куды ў тыя дні перавозілі многіх затрыманых.
Яўген прызнаецца: у дзень выбараў быў упэўнены, што вечар скончыцца інакш.
«Мяркуючы па тым, што я бачыў на ўчастку, па колькасці людзей з белымі павязкамі, я верыў у перамогу. Думаў, што будзем ірваць салюты. Але калі я сеў у таксі і спытаў у кіроўцы, хто перамог, быў у шоку ад пачутага — яшчэ і з такім працэнтам галасоў».
Разам з адвакатамі-валанцёрамі мужчына склаў заяву па факце збіцця. Яна дагэтуль ляжыць у яго. Яўген не паспеў перадаць яе у СК: ранкам 19 жніўня яму пазваніў сябра, параіў з’язджаць. Сказаў, што пачалі забіраць тых, хто распавядаў нешта на камеру. Аб 11-й вечара Яўген ужо ехаў на аўтобусе ў Вільню. А на наступны дзень сілавікі прыйшлі да яго сына і былой жонкі — распытвалі, дзе ён.
Уехаць у Літву мужчына разлічваў па працоўнай візе. Ён каля года працаваў рабочым на тамтэйшую будаўнічую фірму, але калі разгарэлася эпідэмія, вярнуўся ў Мінск.
«На мяжы даведаўся, што яе анулявалі, і мяне не папярэдзілі. Я так разумею, па заканадаўстве за кожную выдадзеную візу фірма, якая наймае работнікаў, мусіць справаздачыцца ў міграцыйных органах, і калі чалавек не знаходзіцца на працы, але ў яго ёсць віза, яны плацяць штраф. Прыйшлося прасіць прытулак, каб упусцілі».
Пазней дакументы на бежанства Яўген забраў, захацеў паехаць адпачыць у іншую краіну. Тры месяцы ён правёў на Мальце.
«Чаму там? А вы там былі хоць раз? Я на Мальце калісьці адпачываў, і мне вельмі спадабалася. Калі зляцеў туды, мне стала лягчэй: я практычна не глядзеў навіны, толькі тое, што мне асабіста дасылалі. А калі знаходзіўся ў Вільнюсе, кожны дзень перажываў тое, што было. І цяпер, чым бліжэй 9 жніўня, тым больш успамінаў».
У найбліжэйшы час мужчына не збіраецца вяртацца дадому. З сынам ён ужо год не бачыўся.
«Пакуль улада не зменіцца, у Мінск складана паехаць, каб не патрапіць у турму. Сям’я там засталася. Старэйшы брат (не той, якога затрымлівалі) у мяне ваенны, маёр. Пасля гэтых падзей яго пачалі выклікаць на размовы, і я з ім год ужо не камунікую. Размаўляю з яго жонкай, яна коратка кажа, што ўсё ў іх у парадку.
Зноў падаў дакументы на бежанства. Хадзіў у Літве на акцыі, ездзіў перакрываць дарогі каля памежнага пункта. Афіцыйна працаваць пакуль нельга. А далей буду ў будаўнічай сферы заставацца, я ўсё жыццё тут. Думаў памяняць прафесію, але, каб перавучвацца, патрэбны час. У прынцыпе, гэта праца добра аплачваецца, хоць і надакучыла крыху».