Што вядома пра Мацкевіча, Вялічку і Вадалажскую, да якіх сёння прыйшоў КДБ? 

Сёння з раніцы супрацоўнікі КДБ прыйшлі да Уладзіміра Мацкевіча, Уладзіслава Вялічкі і Таццяны Вадалажскай. Знаёмыя і родзічы паведамілі, што ў грамадскіх дзеячоў прайшоў вобшук, цяпер яны затрыманыя. «Наша Ніва» распавядае, што пра іх вядома.

04.08.2021 / 17:40

Уладзіміру Мацкевічу 65 гадоў, ён родам з Іркуцкай вобласці Расіі. Мацкевіч — метадолаг і філосаф, грамадскі дзеяч. Мацкевіч вучыўся ў Ленінградскім дзяржаўным універсітэце на факультэце псіхалогіі. У 1982 годзе, пасля заканчэння ВНУ, па размеркаванні быў накіраваны на Вільнюскі радыётэхнічны завод. Затым працаваў у Ленінградскім інстытуце інжынераў чыгуначнага транспарту. Падрыхтаваў кандыдацкую дысертацыю, але да яе абароны не быў дапушчаны, бо не пажадаў уступаць у КПСС. 

Мацкевіч меў дачыненне да некалькіх прэзідэнцкіх кампаній 

У 1987 годзе па запрашэнні Міністэрства адукацыі Латвійскай ССР перайшоў на працу ў Ліепайскі педагагічны інстытут, прапрацаваў у ім да 1989 года. У пачатку 1990-х гадоў супрацоўнічаў па пытаннях рэформы адукацыі з першым міністрам адукацыі Расіі Дняпровым. 

Мацкевіч таксама ўключыўся ў работу па распрацоўцы праграмы адукацыі ў Беларусі і цесна супрацоўнічаў з Міністэрствам адукацыі Беларусі. 

Уладзімір Мацкевіч удзельнічаў у прэзідэнцкіх кампаніях, пачынаючы з 1994 года. Выключэннем сталі толькі 2001 і 2015 гады. У 1994 ён прапанаваў сваю дапамогу Зянону Пазняку, аднак пасля адмовы далучыўся да штаба Станіслава Шушкевіча ў якасці паліттэхнолага. Праз некаторы час іх супрацоўніцтва спынілася праз рознагалоссі. 

«Тады, у снежні 1993 года, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, я прапанаваў аказаць пасільную дапамогу кандыдату, які, з нашага пункту гледжання, мог бы перамагчы і стаць першым прэзідэнтам Беларусі, які б павёў яе па шляху нармальнага развіцця», распавядаў Мацкевіч пра тыя часы. 

Праз некаторы час ён пачаў супрацоўнічаць з Аб’яднанай дэмакратычнай партыяй і балатаваўся па Ангарскай выбарчай акрузе Мінска на парламенцкіх выбарах 1995 года. Прымаў удзел у стварэнні Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Беларускай хрысціянска-дэмакратычнай партыі. 

У 1994-1997 гадах Мацкевіч быў распрацоўшчыкам, аўтарам і вядучым трох перадач на Беларускім тэлебачанні. З канца 2002 года па сакавік 2003 года з’яўляўся першым кіраўніком і вядучым ток-шоу «Выбар» на тэлеканале АНТ. 

З 2012 года стаў вядучым праграмы «Гутарка дня» на тэлеканале «Белсат». 

Уладзімір Мацкевіч з’яўляецца аўтарам вялікага кола публіцыстычных матэрыялаў і каля 50 навуковых прац па пытаннях палітыкі, культуры, трансфармацы і адукацыі. 

У 2020 годзе абраны дэлегатам платформы народных прадстаўнікоў «Сход». Таксама ён быў першым кіраўніком Рады Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь», якая аб’ядноўвала грамадскіх дзечоў і арганізацыі, што падтрымліваюць праеўрапейскае развіццё Беларусі. 

Вадалажская называе Мацкевіча сваім настаўнікам

Таццяна Вадалажская — метадолаг і сацыёлаг, кандыдат сацыялагічных навук і старшы аналітык Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі. Эксперт Агенцтва гуманітарных тэхналогій і каардынатар праграмы стварэння «Лятучага ўніверсітэта».

Таццяне 47 гадоў, яна нарадзілася ў Мінску. У 1996 годзе скончыла аддзяленне сацыялогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1996-2007 гадах працавала ў Інстытуце сацыялогіі НАН Беларусі. Даследавала пытанні станаўлення і трансфармацыі нацыянальнай і грамадзянскай ідэнтычнасці. 

У 2005 годзе Таццяна далучылася да праграмнай дзейнасці філосафа Уладзіміра Мацкевіча. Лічыць яго сваім настаўнікам. Акрамя гэтага, у 2007 годзе Таццяна стала стыпендыяткай спецыяльнага фонду прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.

З 2010 года з’яўляецца старшым аналітыкам незалежнага аналітычнага Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі — ён уваходзіць у кансорцыум «ЕўраБеларусі». Таццяна — аўтар даследаванняў і аналітычных дакументаў, накіраваных на развіццё і ўзмацненне беларускай грамадзянскай супольнасці.

Вялічка быў адным з лідараў грамадзянскай супольнасці Беларусі 

Улад Вялічка 12 гадоў узначальваў міжнародны кансорцыум «ЕўраБеларусь». Аднак па інфармацыі яго калег, апошнія гады ён не займаўся грамадскай дзейнасцю і працаваў у кірунку міжнароднага кансалтынгу. 

Улад нарадзіўся ў 1973 годзе ў Мінску, скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. Меў дачыненне да стварэння шэрагу грамадскіх арганізацый і сетак, працаваў менеджарам, займаўся пытаннямі міжнароднага супрацоўніцтва, арганізацыйнага развіцця, маніторынгу і ацэнкі, а таксама забяспечваў удзел арганізацый грамадзянскай супольнасці ў ініцыятыве ЕС «Усходняе партнёрства».

Nashaniva.com