Цяцерын сышоў з пасады старшыні федэрацыі тэніса. Гэта значыць больш, чым здаецца — што вядома пра таемнага алігарха?
Сяргей Цяцерын сышоў з пасады старшыні федэрацыі тэніса. Прэс-служба кажа, што прычына ў кепскіх выніках тэнісістаў на Алімпіядзе. Але такі самы вынік у многіх іншых спартоўцаў, а старшыні іх федэрацый пакуль на месцы. Можа, справа не толькі ў гэтым?
03.08.2021 / 17:39
Найперш, хто такі Сяргей Цяцерын?
Яго гісторыя поспеху наўрад ці б адбылася, калі б у экс-прэзідэнта Расіі Барыса Ельцына не было «свайго» трэнера па тэнісе — Шаміля Тарпішчава.
Ельцын і Тарпішчаў
Звычкі Масквы пераймаў і Мінск, таму ў Аляксандра Лукашэнкі таксама з'явіўся персанальны тэнісіст Сяргей Цяцерын, які потым раскрыўся яшчэ і як асабісты масажыст.
Калі Цяцерын увайшоў у бліжняе кола Лукашэнкі, то стаў атрымліваць дзяржаўныя пасады, ён вучыў чыноўнікаў менш піць, больш часу прысвячаць дзяржаўным справам і стаў сам уплываць на дзяржаўныя справы. У 2017 годзе Цяцерын узначаліў федэрацыю тэніса, замяніў на пасадзе мільянера Аляксандра Шакуціна.
З такой работай ён атрымаў уваход у міжнародныя тэнісныя колы, дзе калі-нікалі сустракаюцца асобы каралеўскай крыві.
У беларускіх рэаліях спорт — гэта інструмент знешняй і ўнутранай палітыкі. Пасады старшынь федэрацый не даюцца абы-каму. Галоўны сэнс у тым, што чалавек на чале федэрацыі сапраўды павінен «займацца» сваім спортам. Гэта магчыма, калі іншыя сферы інтарэсаў ужо пастаўленыя і не вымагаюць вялікай увагі, а калі ты толькі развіваешся або бізнес праз санкцыі пачынае сыпаццца, — тут ужо не да тэніса.
Імаверна, Цяцерын сам разумеў, што запусціў сваю сферу адказнасці — усе тэнісісты з Алімпіяды вылецелі. У сувязі з санкцыямі шмат увагі ў яго адымае бізнес.
Лукашэнка і Цяцерын
Цяпер яго бізнэс-інтарэсы надзвычай шырокія. Ён паспеў пакінуць след і ў мэблевай сферы, і ў продажы прадуктаў і алкаголю, і ў рэстаранным бізнэсе.
Цяпер меркаванні бізнэс-колаў сыходзяцца на тым, што бізнэсы Цяцерына не выглядаюць звышпрыбытковымі, некаторыя прыносяць праблемы, а сам ён азіраецца на лёс Чыжа, бо сутыкнуўся з моцнай апазіцыяй «пры двары».
Тэлевізійшчыкі лічылі Цяцерына адной з галоўнай сваіх праблем, бо ён доўгі час здымаў вяршкі з рынку тэлерэкламы. Кіраўніцтва каналаў з дапамогай Міністэрства інфармацыі доўгі час спрабавала перанакіраваць фінансавыя плыні бліжэй да каналаў, каб зарабляць больш і рабіць больш уласнага кантэнту. У выніку гэта збольшага атрымалася, праўда, на якасць кантэнту наўрадці паўплывала.
У праўладных тэлеграм-каналах ужо не першы месяц пясочаць кампаніі, канчатковым бенефецыярам якіх лічыцца Цяцерын.
Цікава, што ў 2020-м ягоная дачка падтрымала рух за перамены, а яго таварышы з асацыяцыі ветэранаў КДБ звярнуліся да кіраўніцтва сілавых органаў з патрабаваннем спыніць гвалт.