«З прапановы Васкрасенскага наконт памілавання пасмяяўся». Што піша Мікола Статкевіч, якога судзяць без ягонай прысутнасці

31.07.2021 / 17:55

Палітыка Міколу Статкевіча судзяць у гомельскім СІЗА-3 разам зь Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам, Дзьмітрыем Паповым, Арцёмам Сакавым і Ўладзімерам Цыгановічам. Палітык адмовіўся браць удзел у судовым працэсе. Цяпер яго судзяць безь ягонай прысутнасьці, піша Свабода.

Жонка палітыка Марына Адамовіч атрымлівае ад яго лісты. Але яе лісты, імаверна, да Міколы Статкевіча не даходзяць. «Бо ён піша, што апошні мой ліст атрымаў, датаваны 4 ліпеня. «Падобна, у чарговым апэратыўным мерапрыемстве нас памянялі месцамі», — напісаў Мікола ў лісьце, маючы на ўвазе, што раней ягоныя лісты не перадавалі мне, а цяпер — наадварот.

Ён піша, што мала лістоў атрымлівае ад людзей. І тым ня менш яму перадалі ліст ад так званага «Круглага стала дэмакратычных сілаў», то бок кампаніі Юрыя Васкрасенскага. Мікола толькі пасьмяяўся з прапановы наконт памілаваньня. Там была цытата: «Помните: вас дома ждут родные и близкие». «Мне гэта нагадала ўлёткі, якія скідалі з самалёта тыпу «рама»», — пажартаваў Мікола», — кажа Марына Адамовіч.

У лісьце палітык зазначыў, што ня лічыць вартым адказваць на такія прапановы.

Ён напісаў і свае разважаньні наконт «зачысткі», трэцяга сэктара, анансаванай беларускімі ўладамі. «Наконт «зачысткі» — яе пэрыядычна абяцалі як адказ на санкцыі, яшчэ «самы патрыятычны міністар» пагражаў ёю па беларускім радыё. Нібыта ён ёсьць (трэці сэктар. — РС). Хоць летась у раёнах і дварах ён зьявіўся. Калі рэжым вырашыў прыбраць са свайго фасаду дэкаратыўныя арганізацыі, то да адмены санкцый гэта не прывядзе, хутчэй наадварот», — працытавала ліст Міколы Статкевіча жонка.

Суд цягнецца ў закрытым рэжыме ў гомельскім СІЗА-3 з 24 чэрвеня. Адвакаты кажуць, што дату прысуду пакуль прагназаваць цяжка.