Як разграмілі кватэры нашаніўцаў падчас ператрусаў ФОТЫ
Так выглядалі кватэры пасля вобшукаў 8 ліпеня. У той дзень былі затрыманыя чацвёра нашых калег: галоўны рэдактар Ягор Марціновіч, кіраўнік аддзела рэкламы і маркетынгу Андрэй Скурко, галоўны рэдактар часопіса «Наша гісторыя» Андрэй Дынько і галоўны бухгалтар Вольга Раковіч. Двое — Марціновіч і Скурко — застаюцца за кратамі, 28 ліпеня ім было выстаўлена абвінавачванне.
29.07.2021 / 10:36
Трагічным сімвалам стаў бюст заснавальніка «Нашай Нівы» Івана Луцкевіча. Яго разбілі на кавалкі.
Банер «Наша Ніва» разарвалі. Кадр гэтага вандалізму захоплена тыражавалі пралукашэнкаўскія тэлеграм-каналы.
Разарвалі і вокладку аднаго з даўніх нумароў «Нашай Нівы».
Шафа пасля ператрусу.
На сталы выкладалі і фатаграфавалі тое, што ім здавалася падазроным.
Напрыклад, вось гэтыя кнігі.
А тут іх увагу прыцягнула стужка з арнаментам.
Бібліятэка Андрэя Дынько пасля ператрусу: кнігі зваленыя стосамі.
Дом Андрэя Скурко пасля ператрусу.
У часе ператрусу ў бухгалтэрыі былі вынятыя дакументы прадпрыемства, таксама забраныя камп'ютар і тэлефон галоўнай бухгалтаркі Вольгі Раковіч. Дома ў яе таксама правялі ператрус.
У сераду 28 ліпеня скончылася 10 сутак з моманту паўторнага затрымання нашых калег па крымінальнай справе, на працягу якіх следства павінна было выставіць абвінавачванне. Галоўнага рэдактара Ягора Марціновіча і кіраўніка аддзела рэкламы і маркетынгу Андрэя Скурко не вызвалілі, яны застаюцца ў СІЗА на Валадарскага. Вынікае, што ім выставілі абвінавачванне па ч.2 арт.216 КК (нанясенне маёмаснай шкоды без прыкметаў раскрадання групай асобаў).
Сэнс прэтэнзій у тым, што аплата за камунальныя паслугі памяшкання была па тарыфах для фізасобаў, а трэба было плаціць па тарыфах для юрасобаў. Следчыя налічылі, што за чатыры гады прадпрыемству «Мінэнерга» быў нанесены ўрон — 3,5 тысячы рублёў. Само прадпрыемства з прэтэнзіямі ніколі не звярталася.
Нашаніўцы прызнаныя палітвязнямі. Ягор Марціновіч пры затрыманні быў збіты, у Следчым камітэце яму вылікалі хуткую дапамогу. Андрэй Скурко хворы на дыябет, у СІЗА ён адразу трапіў у медчастку — у яго знайшлі пнеўманію, верагодна, кавіднага паходжання. Для дыябетыкаў кавід смяротна небяспечны.
Падтрымайце нашаніцаў лістом! Пішыце на адрас: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, СІЗА-1.