«Пачуцці, нібыта забілі» — афіцэры запісалі зварот супраць гвалту. Адзіны, за кім не прыйшлі, расказвае падрабязнасці

У кастрычніку 2020х-га чацвёра афіцэраў запаса звярнуліся да дзейных сілавікоў: заклікалі задумацца, не губляць гонар і абараняць народ. Цяпер да былых вайскоўцаў прыйшлі, мінімум адзін чалавек ужо за кратамі. Адзін з удзельнікаў зварота пагадзіўся на размову з «Нашай Нівай».

25.07.2021 / 12:58

Сяргей Бендзь, скрыншот з відэазварота былых вайскоўцаў

У запісу прынялі ўдзел маёр запаса Андрэй Дзечка, падпалкоўнік запаса Сяргей Бендзь, падпалкоўнік запаса Сяргей Шпак і маёр запаса Андрэй Бакурэнка. Па дваіх ужо прыходзілі сілавікі. Дзечку затрымлівалі ў пачатку ліпеня. Па не пацверджанай інфармацыі, ён цяпер на волі. Шпак знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Лёс Бакурэнкі невядомы. Сяргей Бендзь на волі, з ім мы і змаглі паразмаўляць. 

«Мы запісалі той відэазварот кожны па сваіх прычынах, у кожнага быў свой трыгер. Андрэй Дзечка быў назіральнікам на ўчастку ў вайсковай Акадэміі. Ён усё бачыў, лічыў людзей і дакладна ведаў, што дадзеныя ў пратаколе сфальсіфікавалі, — расказвае суразмоўца. — Старшынёй адной з выбарчых камісій быў мой кіраўнік, былы супрацоўнік вайсковай Акадэміі. Ведаю, што ён адмовіўся падпісваць пратакол, у якім па лічбах перамагла Ціханоўская, пасля той пратакол проста знік. Гэта быў мой трыгер. І калі мы з блізкім чалавекам размаўлялі 10 жніўня пра вынікі выбараў, ён сказаў: «Пачуцці, нібыта забілі палову мяне». І я пагадзіўся.

Бакурэнка — мой сусед. Ён быў валанцёрам, збіраў подпісы за Бабарыку. Ён таксама бачыў усе падзеі на свае вочы ад самага пачатку. 

Андрэй Бакурэнка

Пра Сяргея Шпака асобная гісторыя. Сяргей увогуле мой блізкі сябар, мы з першага класа вучыліся разам, пасля разам скончылі Тамбоўскую авіяцыйную вучэльню ў адной групе. Затым разам служылі ў Шчучыне, пасля разам у 56-м палку сувязі. І ў Акадэміі разам працавалі. Я хросны яго хлопцаў, ён мой сапраўдны сябар, усё жыццё мы разам. Нават званняў нас пазбавілі ў адзін дзень. Ён ніколі не цікавіўся палітыкай. Сяргей падтрымліваў дзеючую ўладу. Ён не чытаў навіны, глядзеў тэлевізар і слухаў, што кажуць сябры, сваякі. Але Сяргей вельмі прыстойны чалавек. Ён бачыў, што адбываецца ў Беларусі.

Сяргей Шпак

9 жніўня Сяргей сам галасаваў за Лукашэнку — гэта была яго пазіцыя. Але раніцай, калі пачуў вынікі, зразумеў, што ўсіх падманулі. Сяргей падтрымліваў Лукашэнку, але не верыў, што той перамог на выбарах. 

Ну і калі пачаліся раскручвацца рэпрэсіі, мы вырашылі запісаць відэазварот. Бо людзей збівалі на вуліцах, чакаць было нельга. Ідэя была мая. Я прапанаваў, яны пагадзіліся. Яны ўсе мужныя годныя людзі, сапраўдныя мужчыны. Было страшна і сёння страшна — але ж мы афіцэры. Былі афціэрамі, прынамсі, у сакавіку жа ў мяне і Шпака забралі званні ўказам Лукашэнкі. Напэўна толькі ў нас дваіх з чатырох, бо мы толькі ўдваіх запісвалі першы відэазварот. Я ведаў, што так будзе, яшчэ ў снежні, бо даходзіла інфармацыя, што на мяне збіраюць дадзеныя і характарыстыкі. 

Пазбаўленне званняў уплывае на пенсію — яна змяншаецца, на якую суму, дакладна не скажу, рублёў на 150-200. Таксама я больш не маю права на бясплатнае лячэнне ў вайсковай паліклініцы і шпіталі. Я не карыстаўся гэтым, але ведаю ад сяброў, што цяпер ёсць загад не дапускаць на абслугоўванне «палітычных». 

Я быў гатовы, што да мяне могуць прыйсці. Жонка яшчэ са снежня мне ўсё раіла сабраць чамадан на гэты выпадак, праўда, рукі так і не дайшлі. Што думалі іншыя, не ведаю. Але апошнім часам ніхто ўжо не думаў, што пранясе, мне здаецца. 

Калі прыйшлі да Дзечкі, да астатніх не прыходзілі. У яго быў ператрус.

Андрэй Дзечка

Мы з таварышамі не абмяркоўвалі гэта. Бо некаторым і незразумела было, што рабіць, як і куды бегчы. У Андрэя Бакурэнкі трое дзяцей. Хутка сабраць сям’ю і выехаць у такой сітуацыі амаль немагчыма. У Сяргея Шпака — двое малых. Ну і ва ўсіх жа праца. Шпак апошнім часам усё спрабаваў адкрыць свой маленькі бізнэс, з галавою быў у гэтым».

Сёння Бендзь за мяжой.

«У пачатку ліпеня затрымлівалі Андрэя Дзечку. Пасля яго адпусцілі, казалі, што выходзіў нават на сваю працу на «Пеленг». Дзе ён цяпер і на якіх умовах, я не ведаю. Пасля затрымання Дзечкі я меркаваў, што будуць раскручваць ланцужок па ўсім нам, — прызнае былы падпалкоўнік. — 11 ліпеня я паляцеў у Турцыю ў адпачынак, баяўся, што могуць не выпусціць, але ўсё прайшло добра. 

16 ліпеня быў там. У гэты дзень мне спаўнялася 50 гадоў. І з самай раніцы ад знаёмых паступіла інфармацыя, што сёння нашых будуць браць. Пасля абеда даведаўся, што майго сябра Сяргея Шпака затрымалі. Па яго прыйшлі на дзень народзінаў старэйшай дачкі, забралі са святкавання. У Сяргея чацвёра дзяцей, дзве старэйшыя дачкі і двое малых сыноў. Малыя былі там, калі па яго прыйшлі. Я вырашыў вылятаць з Турцыі не ў Беларусь. Сёння я знаходжуся за мяжой. Калі б вярнуўся дадому, 99,9%, што мяне б затрымалі. Гэтым я бы нічым не дапамог сваім таварышам. Што рабіць цяпер? Планы ў мяне ёсць, але раскрываць іх пакуль не буду. Да таго ж, чаму працуюць гэтыя рэпрэсіі? Таму што людзі нічога не ведаюць. Ціха забралі аднаго, другога, а што з імі, дзе яны — ніхто не ведае. Таму я цяпер і расказваю пра сваіх таварышаў і заклікаю ўсіх сумленных людзей дапамагчы сем’ям арыштаваных».

Nashaniva.com