Генсекам НАТА упершыню можа стаць жанчына. Найбольш імаверную кандыдатку паспеў абняць Лукашэнка

Мандат сённяшняга генсека Йенса Столтэнберга скончваецца ў 2022 годзе.

25.07.2021 / 00:09

Паводле яго пажадання, наступным кіраўніком арганізацыі ўпершыню за 70 гадоў існавання НАТА мусіць стаць жанчына. Вялікія шанцы ў Калінды Грабар-Кітаровіч, якая была прэзідэнтам Харватыі, паведамляе Politico. Яна знаёмая з Лукашэнкам, на адной з сустрэч ён дазволіў сабе пакласці руку ёй на плячо. 

Галоўныя перавагі Калінды Грабар-Кітаровіч — вопыт працы памочнікам генсека НАТА з 2011 па 2014 гады, а таксама дыпламатычная кар'ера: пасады міністра замежных спраў, міністра Еўропы і пасла ў ЗША, з 2015 па 2020 яна была прэзідэнтам Харватыі. 

Падчас прэзідэнцтва Кітаровіч падтрымлівала палітыку стрымлівання адносна Расіі, але гэта не перашкодзіла ей наведаць фінал Чампіянату свету па футболе ў Маскве ў 2018 годзе, дзе каманда Харватыі саступіла Францыі з лікам 4:2.

Апранутая ў цішотку нацыянальнай зборнай, Кітаровіч стала хіба ці не самай яскравай заўзятаркай. Пасля матчу Кітаровіч пазнаемілася з Лукашэнкам, дзе той ў кулуарах дазволіў сабе пакласці руку ёй на плячо. Дзяржаўныя беларускія СМІ назвалі гэта «размовай у цёплай і сяброўскай абстаноўцы».

Аднак наўрад ці тыя гэта будзе спрыяць Лукашэнку: праз рэпрэсіі ў краіне Паўночнаатлантычны альянс разглядае ўлады Беларусі як крыніцу рэгіянальнай дэстабілізацыі, перасцярагаючы іх ад агрэсіі супраць Літвы ці Польшчы. Лукашэнка, у сваю чаргу, абвінавачвае НАТА ў намеры акупаваць Беларусь.

У спісе кандыдатаў на пасаду генсека НАТА таксама прысутнічае былая прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ. Але кандыдат ад Літвы лічыцца надта варожай да Расіі ў час, калі Джо Байдэн імкнецца стабілізаваць адносіны з Масквой. Так што яе шанцы невялікія. 

Пэўныя шанцы мае таксама прэзідэнт Эстоніі Керсці Кальюлайд, хаця яе спецыялізацыя больш падыходзіць да працы з эканомікай. Іншымі кандыдатамі на пасаду генсека НАТА называюць італьянку Федэрыку Магерыні, міністра замежных спраў Бельгіі Сафі Вільмес і прэм'ера Нідзерландаў Марка Рутэ.

У любым разе, значнага ўплыву на палітыку НАТА ва Усходняй Еўропе чакаць не варта.

Ключавыя рашэнні ў Альянсе прымаюць краіны-чальцы, на падставе працэдур. Генсек выконвае прадстаўнічую функцыю, агучвае супольную палітыку блоку, дапамагае шукаць рашэнні спрэчных пытанняў.

Таму нацыянальная прыналежнасць генсека прыносіць сваім краінам толькі сімвалічную карысць.

Nashaniva.com