Адбыліся перамовы Ціханоўскай і Блінкена

25.07.2021 / 00:04

Сёння ў Вашынгтоне Святлана Ціханоўская правяла перамовы з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам, намеснікам дзяржсакратара Вікторыяй Нуланд і дарадцам Дзярждэпартамента ЗША Дэрэкам Шоле. Яны абмеркавалі інцыдэнт з Ryanair, рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і медыя, нелегальную міграцыю ў Літву. 

На сустрэчы Ціханоўская заклікала ЗША:

— Прыняць пакет экстранай дапамогі для беларускіх незалежных СМІ, Youtube-праектаў, Telegram-каналаў, журналісцкіх расследаванняў. Пашырыць дапамогу грамадзянскай супольнасці, рэпрэсаваным і прыватнаму бізнэсу ў Беларусі, палітвязням і іх сем'ям. Павялічыць колькасць стыпендыяльных праграм для падтрымкі студэнтаў і даследчыкаў;

— Даць сігнал Расіі, што падпісаныя кантракты і дамовы не будуць прызнаныя юрыдычна і анулююцца: «Расія можа іграць канструктыўную ролю ў вырашэнні крызісу ў Беларусі — дыялогам і удзелам у канферэнцыі па тэме Беларусі»;

— Узмацніць разам з партнёрамі палітычны і эканамічны ціск на беларускія ўлады;

— Аказаць дыпламатычную падтрымку беларускім дэмакратычным сілам у іншых краінах;

— Прыняць актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзенні канферэнцыі высокага ўзроўню па вырашэнні крызісу ў Беларусі.

Дзяржсакратар прыняў Ціханоўскую ў прыёмнай зале Дзярждэпартамента, сустрэча доўжылася гадзіну. Блінкен сказаў, што ён у пастаянным кантакце з Белым домам і прэзідэнтам Байдэнам — і яны абмяркоўваюць беларускае пытанне.

Nashaniva.com