Не выйдзе на свабоду пасля 30 сутак былы памочнік пракурора Першамайскага раёна Мінска Яўген Бабак — ён стаў падазраваным па крымінальнай справе
Яго падазраюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ў актыўным удзел у іх (342 артыкул).
23.07.2021 / 23:21
Пра гэта следчы па справе паведаміў маме Яўгена.
Бабак стаў вядомы тым, што выканаў свой службовы доўг у жніўні 2020-га, ініцыяваўшы праверку людзей у форме ДАІ, якія па-зверску збівалі байкераў ноччу 11 жніўня. Праверка ні да чаго не прывяла, а сам Бабак звольніўся.
Бабак паходзіць з вёскі Печышчы ў Светлагорскім раёне, там ён сканчаў школу. Яго бацька быў у калгасе аграномам, маці — бухгалтарам у дзіцячым доме. Сваякі кажуць, што з дзяцінства яго хвалявалі глабальныя праблемы, кшталту абароны наваколля, паляпшэння свету, пакой быў завалены кнігамі.
Пасля сканчэння юрфака Бабак пайшоў у пракуратуру і работу сваю любіў, звальненне далося яму няпроста. Сваякі кажуць, што ён разлічвае вярнуцца ў пракуратуру пасля аднаўлення законнасці ў краіне.