Марыя Васілевіч прапанавала ўзмацніць адказнасць за захоўванне порна
У Беларусі плануюць зрабіць больш жорсткай адказнасць за грумінг і захоўванне парнаграфіі, паведаміла журналістам член Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Палаты прадстаўнікоў Марыя Васілевіч, піша БелТА.
07.07.2021 / 14:34
Фота kp.by
Яна ўзяла ўдзел у пасяджэнні круглага стала «Правапрымяняльная практыка і шляхі ўдасканалення нацыянальнага заканадаўства ў сферы барацьбы з сэксуальнай эксплуатацыяй дзяцей у інтэрнэце».
«Заканадаўства прадугледжвае пэўныя абмежавальныя меры. Але мы павінны казаць пра тое, што тэхналогіі развіваюцца і ёсць тыя нормы, якія трэба пераглядаць. Якраз адна з мэт сённяшняга круглага стала — выявіць слабыя месцы ў заканадаўстве і знайсці рашэнні гэтых праблем, — сказала Марыя Васілевіч. — Тыя нормы, якія трэба пераглядаць, безумоўна, датычацца гвалту і сэксуальнай эксплуатацыі дзяцей у інтэрнэце. Неабходна ўводзіць такія паняцці як грумінг, распусныя дзеянні. Неабходна ўзмацняць і рабіць больш жорсткай адказнасць за захоўванне парнаграфічных матэрыялаў».
«На жаль, статыстыка пагрозлівая. Кожнае пятае дзіця ў Беларусі ва ўзросце ад 10 да 17 гадоў хоць бы раз атрымлівала прапанову сэксуальнага характару ад дарослых у інтэрнэце. І сёння COVID-19 прымушае дзяцей усё больш часу праводзіць дома, а значыць — на віртуальных пляцоўках. І рызыка сэксуальнай эксплуатацыі дзяцей узрастае. Мы павінны ўлічваць, што цяпер не той злачынец, які жыве на суседняй вуліцы і яго можна злавіць за руку.
Гэты правапарушальнік можа знаходзіцца ў іншай частцы свету і без асаблівых намаганняў можа трапіць у нашы дамы і зруйнаваць жыццё нашых дзяцей», - дадала Марыя Васілевіч.