Віктару Бабарыку прысудзілі 14 гадоў зняволення
Такі прысуд быў вынесены сёння суддзёй Вярхоўнага суда Ігарам Любавіцкім. Такім чынам, у палітвязня не будзе магчымасці абскардзіць прысуд.
06.07.2021 / 10:07
Фота Ройтэрз.
Экс-кіраўніка Белгазпрамбанка Віктара Бабарыку, які заявіў, што ідзе ў прэзідэнты, затрымалі 18 чэрвеня мінулага года. Яго абвінавацілі ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК) і ў легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч. 2 арт. 235 КК). Бабарыка сваю віну не прызнаў.
Пракурор прасіў пакараць яго 15 гадамі.
Фота Ройтэрз.
Іншыя фігуранты справы прызналі сваю віну. Былыя топ-менеджары Белгазпрамбанка атрымалі наступныя тэрміны: Сяргей Шабан — 6 гадоў пазбаўлення волі, Дзмітрый Кузьміч — 6,5 гадоў, Аляксандр Ільясюк, Сяргей Дабралёт, Кірыл Бадзей па пяць з паловай года. Саўладальнік і кіраўнік кампаніі «Актыўлізінг» Віктар Кабяк — тры гады.
Былы намеснік Бабарыкі Аляксей Задойка атрымаў 5 гадоў хатняй хіміі.
Суд над Віктарам Бабарыкам і топ-менеджарамі Белгазпрамбанка пачаўся ў лютым.