«Цэнтр гарадскога жыцця» ў Гродне ўсё ж ліквідуюць
Эканамічны суд Гродзенскай вобласці пакінуў у сіле рашэнне — ліквідаваць «Цэнтр гарадскога жыцця». Другое пасяджэнне па разглядзе апеляцыйнай скаргі дырэктара «Цэнтра» Паўла Мажэйкі прайшло 21 чэрвеня, піша hrodna.life.
22.06.2021 / 15:59
hrodna.life
«У сённяшняй беларускай рэальнасці было ясна, што гэты працэс будзе далёкім ад аб’ектыўнага разгляду. Але мы змагаліся да апошняга. Таму што рашэнне па гэтай справе так ці інакш будзе ўплываць на крымінальную справу, якая заведзена супраць мяне з Алесем Пушкіным. Я досыць спакойна стаўлюся да ліквідацыі юрыдычнай асобы, бо гэта проста запіс ў дзяржаўным рэестры. Важна думаць і змагацца за тое, каб Алесь Пушкін быў на волі», — сказаў Hrodna.life дырэктар «Цэнтра гарадскога жыцця» Павел Мажэйка.
На папярэднім пасяджэнні 18 чэрвеня Павел Мажэйка сцвярджаў, што рашэнне аб ліквідацыі «Цэнтра гарадскога жыцця» ад 12 мая трэба адмяніць, бо звесткі, якія тады прадставіў пракурор, нічым не пацвярджаюцца. У адказ на гэта пракурор Юрый Семянчук прадставіў суду раздрукаваны артыкул з Вікіпедыі з біяграфіяй партызана-антысаветчыка Яўгена Жыхара.
На другім пасяджэнні пракурор Юрый Семянчук дадаткова прадставіў суду выпіску з «Большой Российской Энциклопедии». У ёй тлумачылася, што такое «Абвер» і пра яго дзейнасць.
На просьбу даць альтэрнатыўныя факты з біяграфіі Яўгена Жыхара Павел Мажэйка прадставіў суду фотаздымак стэнда з Пастаўскага раённага краязнаўчага музея. Там была размешчана біяграфія і партрэт Яўгена Жыхара. Павел папрасіў звярнуць увагу на тое, што размяшчэнне такой інфармацыі ў дзяржаўнай установе не выклікала ніякіх пытанняў. Таксама Павел прадставіў артыкул з «Радыё Свабода», у якім была размешчана біяграфія Яўгена Жыхара.
***
«Цэнтр гарадскога жыцця» — гэта прыватная адукацыйна-культурная пляцоўка. Тут прайшлі сотні мерапрыемстваў, выступалі музыкі, праходзілі заняткі курсаў беларускай мовы «Мова Нанова», вясной 2020 года збіралі ахоўныя экраны для медыкаў.
На кіраўніка пляцоўкі Паўла Мажэйку, мастака Алеся Пушкіна і «іншых асоб» 26 сакавіка завялі крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 130 КК нібыта за дзеянні, накіраваныя на рэабілітацыю і апраўданне нацызму. Парушэннем палічылі выставу, на якой быў партрэт беларускага партызана.
30 красавіка пракурор Гродна Клішын звярнуўся ў Эканамічны суд з просьбай ліквідаваць прыватную ўстанову «Цэнтр гарадскога жыцця». Прычына — выстава Алеся Пушкіна. У пазове Клішын спасылаўся на арт.81 Кодэкса аб культуры, згодна з якім дзейнасць культурнай установы можна забараніць, калі яна прапагандуе экстрэмісцкую дзейнасць.