«І калі вы будзеце мяне хаваць, накрыйце мяне маім сцягам». Ашурка пахавалі пад нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам
У Бярозаўцы (Лідскі раён) развіталіся з 50-гадовым палітвязнем Вітольдам Ашуркам.
26.05.2021 / 19:28
На пахаванні брат нябожчыка сказаў:
— Няма слоў! Ні ў каго няма слоў, што б мы не гаварылі. Мы не скажам так, як ён мог сказаць — у нас так не атрымаецца. Толькі ён казаў, што толькі беларусы могуць быць сябрамі. Бачыў бы ты, колькі іх прыйшло — добрых, сумленных людзей! Колькі было сілы ў гэтым чалавеку! < … > Калісьці даўно ён сказаў: пройдзе час, адбудуцца падзеі, я стану старым і памру. І калі вы будзеце мяне хаваць, накрыйце мяне маім сцягам, сцягам нашай радзімы. Старым у яго ўжо не атрымаецца стаць ніколі. Старымі будзем мы. Ён застанецца такім самым. Але яго воля — гэта закон, — сказаў брат Вітольда Андрэй і накрыў яго нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам.
З ім Вітольда і пахавалі.