Джо Байдэн выступіў з заявай па Беларусі
Джо Байдэн выступіў з заявай з нагоды інцыдэнту з разваротам самалёта Ryanair у Мінск. Тэкст з'явіўся на сайце Белага дома.
25.05.2021 / 07:21
ЗША лічаць прамым парушэннем міжнародных нормаў «прымусовае перанакіраванне камерцыйнага рэйса Ryanair» у Беларусь, а таксама зняцце з самалёта і арышт беларускага журналіста Рамана Пратасевіча, паведамляе Tut.by.
Амерыканскі прэзідэнт падкрэсліў, што ЗША самым рашучым чынам асуджаюць тое, што здарылася, а таксама лічаць абуральным «відэа, якое, верагодна, Пратасевіч зрабіў пад прымусам». ЗША назвалі інцыдэнт у Беларусі «ганебным нападам як на палітычнае іншадумства, так і на свабоду прэсы».
Джо Байдэн заклікаў вызваліць Рамана Пратасевіча, а таксама сотні іншых палітычных зняволеных у Беларусі. І падтрымаў заклікі правесці міжнароднае расследаванне, каб высветліць усе абставіны справы.
«Я вітаю навіну аб тым, што Еўрапейскі саюз заклікаў да кропкавых эканамічных санкцый і іншых мер, і я папрасіў маю каманду распрацаваць адпаведныя варыянты прыцягнення да адказнасці вінаватых — у цесным супрацоўніцтве з Еўрасаюзам, іншымі саюзнікамі і партнёрамі, міжнароднымі арганізацыямі», — заявіў Байдэн.
Амерыканскі прэзідэнт дадаў, на працягу многіх месяцаў беларусы заяўляюць аб сваім патрабаванні дэмакратыі, павагі правоў чалавека і захавання фундаментальных свабод у краіне.
«Я апладзірую мужнасці і рашучасці беларусаў, якія змагаюцца за асноўныя правы, уключаючы такіх журналістаў, як Раман Пратасевіч, і лідараў апазіцыі, такіх як Святлана Ціханоўская і яе муж Сяргей Ціханоўскі. Злучаныя Штаты працягнуць падтрымліваць народ Беларусі ў яго барацьбе», — дадаў Байдэн.