Як архіў каманды Цапкалы трапіў у рукі сілавікоў? Арыштавалі аднаго з экс-кіраўнікоў БРСМ
У пятніцу, 21 мая, прайшло паведамленне, што значная частка архіва Валерыя Цапкалы апынулася ў руках сілавікоў. Пра гэта паведаміў Ілля Дабратвор, які працаваў у камандзе Цапкалы. Як такое стала магчымым?
24.05.2021 / 14:02
Валерый Цапкала здае подпісы ў ЦВК Фрунзенскага раёна Мінска.
У каментары «НН» Дабратвор патлумачыў, што 50 тысяч подпісаў былі канфіскаваныя, калі сілавікі прыйшлі арыштоўваць намесніка кіраўніка штаба Цапкалы Святаслава Барбука.
17 мая яму і ягонай жонцы Веры прысудзілі па 10 сутак арышту.
«Гэта былі подпісы, якія мы не здавалі ў ЦВК з асноўным пакетам, — гаворыць Дабратвор.
— Праз нейкі час мы іх аднеслі ў ЦВК, але там браць іх адмовіліся, параіўшы спаліць. Тым не менш штаб Цапкалы прыняў рашэнне іх захаваць, а не знішчаць».
Таксама ў рукі сілавікоў трапілі і некаторыя асабістыя запісы ўдзельнікаў каманды Цапкалы.
Святаслаў Барбук — у мінулым адзін з кіраўнікоў мінскага БРСМ. У штабе Цапкалы адказваў за падлік і праверку подпісаў. Працаваў у сферы маркетынгу.
Паводле ацэнкі каманды Цапкалы, сярод канфіскаванага магло быць каля 3000 подпісаў чыноўнікаў. Праўладны тэлеграм-канал «Жоўтыя злівы» ўжо паведаміў, што з нагоды атрымання гэтага архіву з дзяржаўных устаноў было звольнена некалькі дзясяткаў чалавек. Праўда, пацверджання гэтаму няма.