Чэшскі Рай. Ад замка да замка: захапляльны маршрут для пешага падарожжа па славянскім паграніччы

У чэхаў ёсць свой уласны рай. Ён зручна размешчаны: усяго 80 кіламетраў ад Прагі. У ім горы і скалы, замкі і старыя гарады, рэкі, поўныя стронгі, палі, дзе казуль і фазанаў сустракаеш часцей, чым людзей, а бровары і сады шчодрыя да падарожнага. Каб ні з чым не пераблытаць, назва ў гэтага месца ясная і простая: Чэшскі Рай. У часопісе «Наша гісторыя» піша кандыдат гістарычных навук Сяргей Грунтоў.

24.04.2022 / 18:13

Лоджыя Валенштайна. Gemaart.cz

У кожнага раю павінна быць брама, і гэты таксама яе мае, і не адну. Відаць, найпрыгажэйшая знаходзіцца на ўскрайку горада Ічын. Тут у парку можна пабачыць мураваны летні павільён, які нечым нагадвае сцэну і мае назву «Лоджыя Валенштайна». Ён быў узведзены ў маёнтку Альбрэхта фон Валенштайна, самага знакамітага героя Трыццацігадовай вайны, у 1630 годзе. Ад павільёна аж да самага горада ў той жа час была закладзена двухкіламетровая ліпавая алея, якая захавалася да нашых дзён. Трава пад старымі дрэвамі такая, што можна ісці басанож — і што гэта, калі не дасканалы ўваход у рай?

Альбрэхт фон Валенштайн (1583—1634) — генералісімус Святой Рымскай імперыі з чэшскага роду Вальдштайнаў (перайначыў прозвішча на нямецкі лад). Партрэт работы Энтані Ван Дэйка. Wikimedia Commons

У Ічыне ёсць сярэднявечная вежа, якая цяпер служыць аглядальнай пляцоўкай для турыстаў, і замак, які болей нагадвае гарадскі барочны палац. Захавалася нават сінагога, але адчыняюць яе таксама толькі для турыстаў. Маладая дзяўчына-экскурсавод у кароткіх шортах бадзёра заскоквае па прыступках на арон кодэш (даслоўна — «каўчэг святыні»), каб дастаць адтуль бутафорскі скрутак Торы. У яе шчырая, добразычлівая ўсмешка, і мы ўзгадваем, што ў сапраўдным раі павінны быць і свае шчаслівыя дзікуны.

Скальныя гарады

Чэшскі Рай — гэта рэгіён і запаведнік вакол скальных «гарадоў» — высокіх каменных слупоў, праходы між якімі ўтвараюць лабірынты. Здалёк яны падаюцца даступнымі толькі птушкам і скалалазам, але гэты рэгіён быў добра засвоены турыстамі яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Тады ж змайстравалі першыя лесвіцы наверх, і з часам іх стала толькі больш, таму цяпер без асаблівай фізічнай падрыхтоўкі можна пацешыць сябе багемскімі даляглядамі. Уваход у Рай каштуе 100 крон — каля 12 рублёў.

Скальны горад. Depositphotos.com by Johnnydevil

У адзін такі «горад» пад назвай Прахаўскія скалы мы і ідзём: праз палі, дзе сонца і макі, а яшчэ каплічкі і фігуры святых, якія нагадваюць пра даўно забытыя дарожныя здарэнні і берагуць ад новых. Спякотны дзень, але ўнізе, пад скаламі, вільготная прахалода. Падняўшыся на адзін са слупоў, на даляглядзе можна ўбачыць абрысы дзвюх скал, навершам кожнай з якіх ёсць руіны вежаў: ніжэйшая — Баба, вышэйшая — Панна. Перад намі замак Троскі, самы пазнавальны аб’ект рэгіёна, бачны з усёй ваколіцы, нават і за дваццаць кіламетраў. Гэты арыенцір вызначае напрамак шляху на ўсю другую палову дня: начлег — толькі па іншы бок замкавай гары.

Квінтэсэнцыя чэшскасці

У чэшскай правінцыі трэба памятаць, што крамы і кавярні закрываюцца вельмі рана. Пераадолеўшы больш за 30 кіламетраў за першы дзень, стомленыя і галодныя, мы знаходзім усе крамы зачыненымі, а ў найбліжэйшай кавярні нам могуць прапанаваць толькі піва і недаедзеную некім халодную кілбаску, адну на дваіх. І гэта ў шэсць гадзін вечара.

Чэшскі Рай сёння падаецца квінтэсэнцыяй чэшскасці, дыстылятам з глянцавых турыстычных часопісаў і рэкламных буклетаў. Але яшчэ да Другой сусветнай вайны рэгіён гэты быў вельмі этнічна неаднародным. Немцы складалі значную частку насельніцтва, асабліва ў гарадах. У найбуйнейшым рэгіянальным цэнтры, горадзе Ліберац, немцаў да вайны жыло ў пяць разоў болей, чым чэхаў. У 1938 годзе Гітлер анексаваў гэты кавалак Чэхаславакіі, частка чэхаў стала ўцекачамі, астатнія цярпелі дыскрымінацыю. Пасля вызвалення ў 1945-м рэгіён вярнуўся пад уладу чэхаў, і цяпер ужо немцаў павыганялі са сваіх дамоў і прымусілі з’ехаць у Германію.

Віла Карла Ржэзнічака — гаспадара суседняга бровара. Фота Сяргея Грунтова

Памяць пра поліэтнічнасць рэгіёна жыве ў яго архітэктуры і тапаніміцы. Зранку выправіўшыся ў дарогу, ужо праз пяцьсот метраў ад дома аглядаем прыгожую вілу пачатку ХХ стагоддзя. Уладальнікам яе быў Карл Ржэзнічак, гаспадар суседняга бровара.

А вось суседні замак Груба Скала (які і праўда стаіць на скале) належаў аўстрыйскаму роду фон Эрэнталяў. Перад Першай сусветнай вайной ім валодаў Алоіз фон Эрэнталь, міністр замежных спраў Аўстра-Венгерскай манархіі, які запомніўся арганізацыяй анексіі Босніі і Герцагавіны аўстрыйцамі ў 1908 годзе. 

Замак Груба Скала — частка маршруту, ідэальнага для аматараў пешага турызму. Фота Сяргея Грунтова

У яго замку, да якога прабіраемся пакручастай лясной сцяжынкай, а пасля стромкімі прыступкамі, высечанымі проста ў скале, цяпер гатэль і рэстаран. Да ўвахода вядзе мост, упрыгожаны статуямі святых з па-барочнаму выгнутымі целамі і экстатычнымі тварамі, у якіх немагчыма адрозніць пакуту ад асалоды. Геральдычныя знакі на сценах сталі проста значкамі, якія гавораць сучаснаму наведвальніку не болей, чым выява кароны на піўной этыкетцы. Замак ператварыўся ў адну вялікую фотазону, а ў час нашага візіту — яшчэ і ў месца збору аўтапрабегу рэтрааўтамабіляў.

Турнаў і рыба

Замак Вальдштайн. Wikiwand.com

Але нам трэба спяшацца: літаральна праз некалькі кіламетраў нас чакае чарговы скальны горад і наступны замак — Вальдштайн. Ён меншы за папярэдні, даволі сціплы, але таксама злучаецца з дарогай мураваным мостам са скульптурамі святых. Відавочна, у мясцовых арыстакратаў быў пункцік на тэму мець мікракопію Карлавага моста пры ўласнай гасподзе.

Мост да замка Вальдштайн. У мясцовых арыстакратаў быў пункцік на тэму мець мікракопію Карлавага моста пры ўласнай гасподзе. Depositphotos.com by Muuraa

З найбліжэйшых скал ужо як на далоні бачны горад Турнаў — касцёлы, замак і блочныя дзевяціпавярховікі на ўскрайку. Гэта галоўны горад рэгіёна Чэшскі Рай — і праз паўтары гадзіны мы спускаемся ў дальнія вуліцы яго прадмесцяў.

Гэтыя мясціны, дзе я ніколі не бываў, усё ж падаюцца загадкава знаёмымі. Усё таму, што ў 1970-я тут савецкім вайскоўцам служыў мой дзед Іван. Разам з чэшскім крышталём, вазамі і келіхамі ў бацькоўскую шафу патраплялі і раскошна выдадзеныя альбомы з відамі Чэшскага Рая і Турнава. Я іх гартаў у дзяцінстве, а цяпер яны набывалі аб’ём і прысмак настальгіі. Дзеда больш няма, а тут неспадзявана знайшоўся аскепак ягонага свету.

На ўваходзе ў Турнаў, прыціснутыя дарогай з аднаго боку і мостам эстакады з іншага, знаходзяцца габрэйскія могілкі. Заходзім і са здзіўленнем бачым, што мы тут не адны. У цяні пад домам вартаўніка адпачываюць чацвёра цыганоў — брыгада, якая працуе на добраўпарадкаванні могілак. Яны моўчкі глядзяць на нас, мы — на іх, маўчаць і габрэйскія надмагіллі — у здзіўленні перад тым, якія ўзоры раз за разам складаюцца ў калейдаскопе культур і нацый.

Турнаў складана назваць атмасферным горадам. Праз цэнтральную плошчу з абавязковай ратушай і маравым слупам з Дзевай Марыяй праходзіць галоўная вуліца з даволі жвавым рухам транспарту. За некалькі кварталаў знаходзіцца вялікая гатычная базіліка, але яна зачыненая. Затое проста пры галоўнай плошчы знаходзім выдатную вінарню. Хоць стэрэатыпным чэшскім напоем лічыцца піва, белыя віны тут таксама вырабляюць вельмі добрыя, а спёка на вуліцы робіць іх яшчэ смачнейшымі.

Замак Грубы Рогазец: у адрозненне ад рэстаўраваных у Беларусі замкаў, у чэшскіх ёсць адчуванне прысутнасці гаспадароў. Depositphotos.com by Nokola@gmail.com

Галоўная пярліна Турнава, аднак, хаваецца на яго ўскрайку — гэта замак Грубы Рогазец. Па дарозе да яго пераходзім мост цераз рэчку Ізеру, пад якім, як у нас печкуры, стаяць чародкай вялікія стронгі. Замак знаходзіцца ніжэй па цячэнні, на высокім стромым беразе. З XVII стагоддзя ім валодалі прадстаўнікі сям’і Дэс Фоўрс Вальдэрод, у жылах якой мяшалася французская і нямецкая кроў. Іх родавае гняздо захавалася выдатна, што, урэшце, для чэшскіх замкаў не такая і рэдкасць. Але толькі тут ёсць адчуванне прысутнасці гаспадароў. Можа быць, таму, што ў многіх пакоях пазнаецца параўнальна нядаўні час — пачатак ХХ стагоддзя і міжваенныя гады. Асабліва ўражваюць спальня і дзіцячы пакой — чым інтымнейшая абстаноўка, тым мацней адчуваецца цеплыня чалавечага жытла замест звыклага музейнага холаду.

Інтэр’ер замка Грубы Рогазец у Турнаве.

Вельмі папулярнай аздобай чэшскіх замкаў (і не толькі чэшскіх — згадаем хоць бы Нясвіж) з’яўляюцца паляўнічыя трафеі. Рогі, паасобку ці з галовамі, запаўняюць цэлыя залы, звычайна побач вешаюць зброю, а часам, напрыклад, вялікія мішэні з дзюркамі, каля кожнай з подпісам імя таго, хто зрабіў стрэл.

Але што рабіць, калі трафей нельга захаваць у прывабным выглядзе? Калі гэта, напрыклад, рыба? Адказ можна ўбачыць у Грубым Рогазцы. Тут над адным з дзвярных праёмаў вісіць карціна з выявай метровай стронгі, намаляванай у натуральную велічыню.

З подпісу на палатне можна даведацца, што гэтая рыбіна была злоўлена ў суседняй рэчцы 2 лістапада 1680 года.

Стронга, злоўленая 2 лістапада 1680 года побач з замкам Грубы Рогазец. Фота Сяргея Грунтова

Страчаныя 1930-я

Заначаваўшы ў Турнаве, на наступны дзень рушым далей. Дамы ХІХ стагоддзя хутка змяняе міжваенны канструктывізм, пасля шматпавярховікі часоў сацыялізму, за імі сучасныя катэджы, а далей — толькі палі і горы на даляглядзе. Як босхаўскі «Сад зямных уцех», гэтая ваколіца шчодрая на вішні, якія выспелі амаль да чарнаты. Іх смак падступна пераконвае, што ў жыцці салодкае пераважае над кіслым, і тут няма людзей, што здолеюць не пагадзіцца.

Так вось, бесклапотнымі шпакамі, ад дрэва да дрэва — праз дзве гадзіны мы ўжо ў суседнім замку Сіхраў, які аказваецца вялікім палацам. Уладальнікі, што разбудоўвалі яго ў ХІХ стагоддзі, лічылі найпрыгажэйшым стылем неаготыку.

Замак Сіхраў. Kudyznudy.cz

Інтэр’еры і калекцыі зайздросна добра захаваліся. Адных толькі партрэтаў тут каля 250, у тым ліку вялікі збор выяваў французскіх каралёў, з якімі гаспадары, князі Раганы (брэтонскі род), мелі блізкае сваяцтва. Апошні ўладальнік Ален Раган прыняў нямецкае грамадзянства і ўступіў у нацысцкую партыю ў 1939 годзе. Пройдзе шэсць гадоў — і ён будзе вымушаны бегчы ў недалёкі нямецкі гарадок Цытаў, а адтуль пешшу дабірацца да Вены, каб памерці там у сярэдзіне 1970-х без надзеі на вяртанне ў маёнтак продкаў.

Замак Сіхраў: мы можам толькі марыць пра такую захаванасць інтэр’ераў. Zamek-sychrov.cz

Тэма выгнання немцаў, іх геаграфічнай блізкасці, але немагчымасці вяртання ў страчаны свет 1930-х гадоў, які звыкла рамантызуецца і падаецца раем, часта сустракаецца ў кнігах і фільмах пра гэты рэгіён. Яраслаў Рудзіш, папулярны сучасны чэшскі аўтар, у рамане «Гранд-гатэль» адным з цэнтральных персанажаў выводзіць старога немца, які рэгулярна прыязджае сюды, але не можа вярнуцца. Ён займаецца тым, што на нямецкіх могілках крадзе прах сваіх знаёмых з дзяцінства, каб кантрабандай прывозіць яго ў бляшанках ад кавы ў родны горад і развейваць на месцы іх родных дамоў.

Вокладка рамана Я. Рудзіша «Чэшскі Рай».

У 2018 годзе Рудзіш выпусціў раман з назваю «Чэшскі Рай». Група сяброў сезон за сезонам збіраецца ў лазні недзе ў Чэшскім Раі. Яны пацеюць, спрачаюцца, абмяркоўваюць усё на свеце, але найперш жанчын, галасы і смех якіх раз-пораз чуваць з-за сцяны, з жаночай паловы. У канцы цікаўнасць адольвае іх, і яны лезуць на сцяну, каб даведацца, як яно там, з іншага боку. Але зверху бачаць, што за сцяной нічога няма, толькі змрок і прорва замагільнага свету, на парогу якога яны затрымаліся, але цяпер нічога не застаецца, як толькі туды скочыць.

Пераступаючы межы

Чэшскі Рай — гэта памежны рэгіён. Існаванне ў ім нагадвае пра тыя ўнутраныя межы і выбары, перад якімі мы стаім, — культурныя, маральныя, эстэтычныя. Можа быць, сама наяўнасць мяжы падштурхоўвае яе пераступіць. Яраслаў Рудзіш таксама перайшоў сваю. Названы раман быў апошняй яго кнігай, напісанай па-чэшску. Ад таго часу ён піша і выпускае кнігі на нямецкай мове.

Чыгуначны віядук. Depositphotos.com by Dc_9

Дзень становіцца ўсё больш спякотным. Пад аркамі старога чыгуначнага віядука ці недзе на скрыжаванні, калі адпачываем пад чарговай каплічкай, мы незаўважна перасякаем мяжу Чэшскага Рая. Дарога вядзе нас у горад Чэшскі Дуб, не самы вядомы і папулярны сярод турыстаў.

Ёсць у гэтым свая радасць — пешшу прыходзіць у горад, спускацца з пагорка ўніз, бачыць яго як на далоні, як рабілі гэта падарожнікі яшчэ ў ХІХ стагоддзі і стагоддзямі да таго. Чэшскі Дуб падыходзіць для гэтага ідэальна. Профіль горада запамінаецца найперш дзякуючы рэнесанснай ратушы з высокай вежай, якая сваімі памерамі дае зразумець, што горад ведаў і лепшыя часы. У паўднёвай частцы можна агледзець гарадскі музей, цікавы ў першую чаргу інтэр’ерамі вілы ХІХ стагоддзя, у якой ён размешчаны.

Ратуша ў Чэшскім Дубе. Фота Сяргея Грунтова

А вось на паўднёвай ускраіне карта абяцае «замак Чэшскі Дуб». Насамрэч, замак зноў аказваецца палацам, грувасткім і суровым класіцызмам, нібы перанесеным сюды з англійскага XVIII стагоддзя. Здаецца, у ім мусіла размяшчацца бальніца — з цікаўнасці мы адчыняем парадныя дзверы і ўваходзім у залу з выдатна захаванымі інтэр’ерамі. Але навокал ні душы. У наступнай зале, якая некалі, напэўна, служыла для прыёмаў і баляў, паўколам стаяць дзевяць крэслаў з гімнастычнай палкаю на кожным. І зноў нікога. Толькі праз бакавы калідор і яшчэ адны дзверы трапілі ў палату, дзе ў ложках ляжаць старыя людзі. І толькі тут усвядомілі, што апынуліся ў доме састарэлых. Так дзіўна было не зразумець гэта ад пачатку: ад самага ўвахода нас суправаджаў той сумны пах, які ні з чым немагчыма зблытаць, — пах старасці.

Мы паскараем хаду. Набліжаецца вечар, а да мястэчка Осечна, дзе замоўлены начлег, яшчэ восем кіламетраў. Але яны ўзнагароджаныя тым, што ўвечары тут працуюць аж дзве кавярні. Апетыт за дзень у нас воўчы.

Пансіянат, у які мы засяліліся, нагадвае сумесь музея і антыкварнай крамы. Наш ложак выглядае так, што можна думаць, што на ім былі зачатыя і аддалі Богу душу некалькі пакаленняў мясцовых жыхароў. Але мы занадта стомленыя, каб паспець усур’ёз задумацца пра гэта.

Святая Здзіслава і яе чэрап

Новая раніца працягвае нашу дарогу на поўнач. Край нібы крышку дзічэе: казуль у палях робіцца ўсё болей, а турыстаў зусім не відаць. Па дарозе ў вёсцы Жыбржыдзіцэ аглядаем закінуты касцёл Святых Сымона і Юды XVII стагоддзя — рэдкі незамкнёны храм у вёсках на нашым шляху. Яшчэ далей па дарозе ў лесе прыхаваныя ад выпадковых вачэй Янавіцкія пустэльні — выразаныя ў скалах келлі. У XVIIІ стагоддзі ў іх жылі манахі з суседняга кляштара. Цяпер тут невялікая каплічка і пазелянелыя ад вільгаці сцены.

Увесь мінулы дзень і сёння з далягляду не знікае гара Ештэд, самы высокі пункт рэгіёна (1012 м), якая лёгка пазнаецца па шпілі на самай яе вяршыні — гэта профіль футурыстычнага гатэля, пабудаванага тут у 1966—1973 гадах, таго самага «Гранд-гатэля» з кнігі Рудзіша. Адпаведна, і ўвесь рэгіён за гарою носіць назву Пад’ешцедзі (Podještědí), а таксама горад, у які прыводзіць нас дарога, — Ябланэ-ў-Пад’ешцедзі.

Базіліка Святых Ваўжынца і Здзіславы. Фота Сяргея Грунтова

Над цэнтрам горада дамінуе барочны гмах базілікі Святых Ваўжынца і Здзіславы з дамініканскім кляштарам побач. Яго заснавалі ў 1250 годзе, а манахі жывуць там і сёння. Святая Здзіслава, якая разам са сваім мужам фундавала кляштар у Ябланэ, доўгія стагоддзі шанавалася мясцовымі вернікамі, але была кананізавана толькі ў 1995 годзе. Яе парэшткі захоўваюцца тут жа, у крыпце базілікі: у падлозе нават зроблена акенца, каб, не спускаючыся ўніз, можна было бачыць пахаванне. Чэрап святой, аднак, ляжыць асобна ў пазалочаным барочным рэлікварыі з празрыстымі сценкамі, які выстаўлены ў бакавым алтары. Ён пакрыты празрыстым вэлюмам, а зверху на яго надзеты залаты вянец з ліпавым лісцем і цветам, аздоблены каштоўнымі камянямі.

Чэрап святой Здзіславы. Фота Сяргея Грунтова

Цэнтральную плошчу Яблоннага, як і многіх чэшскіх гарадоў, займае марыянская калона, вядомая таксама як чумны слуп (morový sloup). Мясцовая, пастаўленая ў 1687 годзе, самая багатая з тых, што мы бачылі ў падарожжы. Акрамя Хрыста і Дзевы Марыі, яе ўпрыгожваюць скульптуры яшчэ дванаццаці святых.

Чумны слуп у Ябланэ. Фота Сяргея Грунтова

Пайшоўшы галоўнай вуліцай два кіламетры на ўсход, на самым ускрайку горада знаходзім маляўнічы замак Лемберк. Цяперашні пастаўлены ў XVI стагоддзі на месцы ранейшага, і тут добры музей. На верхнім паверсе можна пакой за пакоем агледзець экспазіцыю еўрапейскіх інтэр’ераў — ад класіцызму да кубізму.

Замак Лемберк. Фота Сяргея Грунтова

Самая запамінальная разынка гэтага замка — вялікая Зала баек. У 1610 годзе тут зрабілі адметную столь з 77 пано з відарысамі сцэн з баек Эзопа з двухрадковымі подпісамі па-нямецку пад кожнай. Можна доўга хадзіць, задраўшы галаву, і разглядаць. Вось кентаўр цягне некуды аголеную дзяўчыну, арол пераносіць смаўжа цераз раку, а смерць у выглядзе шкілета сустракае падарожнага… Калі загледзішся на столь у гэтай зале, у нейкі момант можа падацца, што ў вокны ліецца святло XVII стагоддзя.

У адной з залаў замка Лемберк столь аздоблена пано са сцэнамі баек Эзопа. Фота Сяргея Грунтова

Над замкам дамінуе высокая круглая вежа з аглядальнай пляцоўкаю зверху. Край блізкіх гор на поўначы — гэта мяжа з Германіяй, куды заўтра мы працягнем свой шлях. А вось на поўдні за дзясяткі кіламетраў ад нас усё яшчэ бачны абрыс гары з двума зубцамі на ім. Гэта замак Троскі, які мы аглядалі яшчэ ў першы дзень нашага падарожжа. Так у апошні раз мы кідаем позірк на Чэшскі Рай і ў думках развітваемся з ім.

Сяргей Грунтоў