Якія інгрэдыенты можна дадаваць у каву, а ад чаго лепей устрымацца
Не ўсё прынясе здароўю карысць.
17.05.2021 / 08:01
Фота pixabay.com.
Наконт кавы ў кожнага ёсць свае перавагі. Але не заўсёды тое, што мы дадаём у яе, карысна для здароўя. Вось што пра гэта думаюць дыетолагі.
Пачнём з традыцыйнага белага цукру. На жаль, ён не мае ніякай харчовай карысці. Больш за тое, калі ўжываць занадта шмат цукру, гэта можа пашкодзіць здароўю, у тым ліку павысіць рызыку дыябету і атлусцення. І, калі піць шмат кавы з цукрам, можна перавысіць яго штодзённыя нормы ўжывання, піша Huffpost.
Можна замяніць белы цукар, напрыклад, сахарынам ці аспартамам. Зараз гэтыя рэчывы лічацца бяспечнымі для здароўя, але іх празмернае ўжыванне можа выклікаць праблемы з страваваннем. Таму лепей замяняць цукар на натуральныя рэчывы, напрыклад, на стэвію.
Дыетолагі аднолькава добра ставяцца і да каровінага, і да расліннага малака. Каровіна малако — добрая крыніца кальцыю, бялку і вітаміну D. Але, калі вы па нейкіх прычынах не ўжываеце малочныя прадукты, можна выбраць раслінныя альтэрнатывы. Цяпер існуе расліннае малако на базе збожжавых, арэхаў, бабовых і іншых рэчываў — напрыклад, на базе аўсянкі, міндаля ці соі.
А вось ад вяршкоў для кавы лепей адмовіцца. Звычайна гэты прадукт — камбінацыя падсалоджвальнікаў, араматызатараў і транстлушчаў, пры гэтым такія вяршкі яшчэ і вельмі каларыйныя. Гэта ж тычыцца і ўзбітых вяршкоў з магазіна.
Зусім іншая гісторыя, калі хочацца дадаць карыцу ў капучына альбо куркуму ў латэ. Спецыі могуць не толькі палепшыць пах напою, але і прынесці карысць здароўю: карыца, напрыклад, зніжае ўзровень цукру ў крыві. Што тычыцца куркумы, дык яна дапамагае змагацца з запаленнямі ў арганізме, зніжае ўзровень болю і, магчыма, запавольвае развіццё дэменцыі.
Нарэшце, лепей не дадаваць у каву штучныя араматызаваныя сіропы, бо яны змяшчаюць занадта шмат цукру і калорый. Можна замяніць іх натуральнымі падсалоджвальнікамі, напрыклад, кляновым сіропам ці мёдам.