17-гадовы палітвязень з Гомеля Мікіта Залатароў заявіў, што больш не вытрымае ў адзіночцы
Палітвязень Мікіта Залатароў, якому 12 мая споўнілася 17 гадоў, сёння быў «пераарэставаны» для правядзення следчых дзеянняў у рамках распачатай у дачыненні да яго другой крымінальнай справы. Мікіту абвінавачваюць у нападзе на супрацоўніка СІЗА, паведамляюць «Моцныя навіны».
15.05.2021 / 17:15
Бацькі Мікіты паведамляюць, што ў чаканні афармлення працэдуры новага арышту іх сына цягам доўгага часу пратрымалі ў аўтазаку. «Падлетка вагой 50 кг ахоўвалі чацвёра велізарных сілавікоў», — сказаў бацька Мікіты Міхаіл.
Перадаць яму ежу і ваду не дазволілі. Бацькі адзначаюць, што выглядае Мікіта вельмі бледным і схуднелым, яго самаадчуванне з часу апошняга спаткання відавочна пагоршылася.
Калі пракурор афармляў арышт, Мікіта задаў яму пытанне: «Чаму я сяджу ў камеры адзін?»
Але адказу ён не атрымаў.
Адвакат Мікіты параіў бацькам напісаць заяву ў пракуратуру з нагоды ўтрымання іх сына ў «адзіночцы», спаслаўшыся на тое, што, верагодна, пракуратуры не вядома пра гэты факт.
Пагаварыць з сынам бацькам не дазволілі. Мікіта паспеў толькі сказаць ім, што больш не можа трываць: калі застанецца адзін у камеры — ён не вытрымае.