Моцная заява ў судзе выкладчыцы са справы студэнтаў: Гісторыя паказвае, што бывае, калі ахвяра кажа «не» катам
У Мінску пачаўся судовы працэс па «справе студэнтаў», па ёй праходзяць 12 чалавек. Абвінавачваюць у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (артыкул 342), ім пагражае да трох гадоў калоніі. Сярод фігурантаў — былая выкладчыца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Вольга Філатчанкава. У пачатку працэса яна звярнулася да суда з просьбай усіх апраўдаць.
14.05.2021 / 15:47
— Я грамадзянка Рэспублікі Беларусь з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, здольна не толькі асэнсавана мысліць і аналізаваць інфармацыю, але і зразумела выказваць свой пункт гледжання, — звярнулася да суда Вольга Філатчанкава. — Гісторыя ведае мноства прыкладаў, калі людзей пераследвалі, саджалі ў турмы і проста знічтажалі толькі за тое, што іх меркаванне адрознівалася ад меркавання кіруючай эліты. Гэта мы назіраем і ў нашай краіне, у цяперашні час. Гісторыя цудоўна паказвае…
На гэтых словах суддзя перапыніла абвінавачаную:
— Зразумела. Вы паказанні пачынаеце даваць ці хадайніцтва заяўляеце?
— Высокі суд, я заяўляю хадайніцтва, — адказала Філатчанкава.
— Канкрэтна заявіце, якое хадайніцтва ў вас маецца, — настойвала суддзя.
Вольга Філатчанкава. Фота з сацыяльных сетак
Але Вольга працягнула далей:
— Гісторыя цудоўна ілюструе, што бывае, калі ахвяра кажа «не» сваім катам. На падставе сказанага прашу па дадзенай крымінальнай справе змяніць меру ўтрымання ўсім абвінавачаным і вынесці апраўдаўчы прысуд.
У выніку суддзя адхіліла хадайніцтва адносна меры ўтрымання, фігуранты і надалей будуць знаходзіцца ў СІЗА.
Нагадаем, што фармальна адкрыты працэс праходзіць з абмежаваннямі — у залю суда не дапусцілі незалежных журналістаў, а таксама сваякоў некаторых абвінавачаных. Каля Дома правасуддзя міліцыянеры затрымалі 14 чалавек, якія спрабавалі патрапіць на працэс, у іх ліку палітыка Анатоль Лябедзька, журналістку TUT.BY Любоў Каспяровіч. Паводле заявы МУС, затрыманыя не выканалі патрабавання міліцыі разысціся.