Масавыя затрыманні каля суда па «Справе студэнтаў»
У пятніцу 14 мая пачынаецца суд па «справе студэнтаў». Па ёй праходзяць 12 чалавек. Моладзь абвінавачваюць у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (артыкул 342). Ім пагражае да трох гадоў калоніі.
14.05.2021 / 11:05
Чытайце таксама: 100-бальніца, мастачка, стараста групы. Хто тыя студэнткі-палітвязні, якіх дзяржава кінула на Валадарку
Пад будынкам Кастрычніцкага суда сабралася з сотню чалавек. Мамы, сёстры, бабулі, сябры, аднакурснікі.
На пасяджэнне пусцілі толькі адвакатаў і блізкіх сваякоў. Незалежныя журналісты так і засталіся за рамкамі металашукальнікаў. Пусцілі толькі прадстаўнікоў дзяржаўнай прэсы.
«Вольных месцаў няма», — аб’яўляе супрацоўніца суда.
«Віка сірата. Пусціце нас. Вы казалі па два чалавекі можна да кожнага», — просяць дзяўчаты.
«Вы блізкія сваякі? Тады не», — для суда гэта не аргумент.
Пазней адной з дзяўчат усё ж дазволілі прайсці, калі па яе прыйшоў адвакат студэнткі.
«Пусціце бабулю. Я дужая, я пастаю», — плача бабуля студэнткі Касі Будзько.
Калі людзі пачалі разыходзіцца ад будынка суда, АМАП пачаў затрыманні. У прыватнасці, сілавікі схапілі Анатоля Лябедзьку.
Сярод затрыманых аказалася і журналістка Tut.by Любоў Каспяровіч. Перад затрыманнем яна інтэрв'юявала сяброў аднаго з абвінавачаных — выконвала свае прафесійныя абавязкі, рыхтуючы рэпартаж.
Пазней сілавікі паведамілі пра затрыманне 14 чалавек.
***
Хто гэтыя 12 чалавек, якія праходзяць па справе?
- Ксенія Сырамолат, стобальніца, студэнтка факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ;
- Марыя Каленік, студэнтка факультэта экспазіцыйнага дызайну Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў;
- Настасся Булыбенка, адлічаная студэнтка машынабудаўнічага факультэта БНТУ;
- Вікторыя Гранкоўская, адлічаная студэнтка архітэктурнага факультэта БНТУ;
- Ілля Трахтэнберг, другакурснік механіка-матэматычнага факультэта БДУ, удзельнік «Што? Дзе? Калі?»;
- Глеб Фіцнер, чацверакурснік факультэта міжкультурных камунікацый МДЛУ;
- Ягор Канецкі, пяцікурснік біялагічнага факультэта БДУ, актывіст Вольнага прафсаюза;
- Кася Будзько, студэнтка факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ, прыхільніца Задзіночання беларускіх студэнтаў;
- Яна Арабейка, студэнтка факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ, прыхільніца Задзіночання беларускіх студэнтаў;
- Таццяна Якельчык, студэнтка механіка-матэматычнага факультэта БДУ;
- Алана Гебрамарыям, уваходзіла ў асноўны склад Каардынацыйнай рады, актывістка Моладзевага блоку;
- Вольга Філатчанкава, выкладчыца БДУІРа.
Амаль усіх іх затрымалі ў «чорны чацвер» — 12 лістапада. Толькі Таццяну Якельчык схапілі пазней, 26 лістапада.
Раней Следчы камітэт заяўляў, што моладзь была каардынатарамі пратэсту ў сваіх універсітэтах, адміністравала тэматычныя тэлеграм-каналы, заклікала ўдзельнічаць у акцыях, распаўсюджвала лістоўкі. Па словах следчых, гэтыя пратэсты — спевы, скандзіраванне лозунгаў — зрывалі адукацыйны працэс.