Таццяна Севярынец мяркуе, што суд над Паўлам і актывістамі «Еўрапейскай Беларусі» будзе ісці два тыдні

Суд пачаўся ў Магілёве 12 мая і праходзіць у закрытым рэжыме. На лаве падсудных — сямёра палітвязняў, якіх вінавацяць за ўдзел або арганізацыю масавых беспарадкаў: Павел Севярынец, Яўген Афнагель, Павел Юхневіч, Максім Вінярскі, Андрэй Войніч, Зміцер Казлоў і Ірына Шчасная.

13.05.2021 / 11:37

Сваякоў на суд не пускаюць. Маме Паўла Таццяне Севярынец удалося сустрэцца хіба са старшынёй абласнога суда Ігарам Прашко, які заявіў, што рашэнне аб разглядзе крымінальных справаў у закрытым рэжыме прымала суддзя Ірына Ланчава. Ён параіў сваякам палітвязняў «набрацца цярпення», піша «Радыё Рацыя».

«Я яму сказала: «Мой сын нічога не парушаў! Вы самі ведаеце, хто парушыў і хто павінны знаходзіцца ў гэтай зале!»

Ён моўчкі з апушчанымі вачыма мяне выслухаў і кажа: «Трэба пацярпець. Да канца судовага працэсу. Мы будзем аператыўна, мы будзем імкнуцца як найхутчэй разабраць гэтую справу».

Паводле першай інфармацыі, недзе тыдні два будуць разглядаць», — мяркуе Таццяна Севярынец.