«Падвозіў будаўнікоў у Мінск». У ДТЗ пад Бараўлянамі загінуў бацька траіх дзяцей

Увечары 24 красавіка на 20 км трасы М3 Мінск-Віцебск каля вёскі Мар'яліва Мінскага раёна адбылася аварыя. «Опель» выехаў на раздзяляльную паласу, урэзаўся ў дарожную агароджу, а затым — у ферму дарожных знакаў.

26.04.2021 / 13:52

Кіроўца і адзін з пасажыраў загінулі, яшчэ адзін пасажыр выжыў, ён шпіталізаваны, паведаміла міліцыя.

За стырном машыны быў 34-гадовы жыхар Лагойска Арцём Казакевіч. Паводле папярэдняй версіі, ён не справіўся з кіраваннем.

«Арцём будаваў дом і падвозіў сваіх будаўнікоў у Мінск. У выніку Арцём і адзін з будаўнікоў загінулі. Выжыў будаўнік, які сядзеў на заднім месцы, — расказаў «Нашай Ніве» калега Казакевіча. — Гоншчыкам Арцём ніколі не быў, таму мы ўсе ў шоку ад трагедыі.

Ён быў чалавекам выключна станоўчым. Вернік і шматдзетны бацька, працаваў начальнікам аддзела метралогіі і валідацыі. Прыемны, спагадны, усмешлівы, сумленны і добры…»

У Арцёма Казакевіча засталіся трое дзяцей. Арцём — родам з Друі. Яго сям’ю ведае ксёндз Сяргей Сурыновіч.

«Я бачыў яго сям'ю ў касцёле, ведаў, што ён з жонкай у касцельным руху сямей. Актыўныя каталікі, выхоўваюць хлопцаў сваіх у каталіцкай веры, бацькі набожныя, жывуць тут у Друі, — распавёў айцец Сурыновіч. — Маці Арцёма праваслаўная, але 20 гадоў прыходзіць і грае на аргане ў касцёле. Збірае моладзь і дзяцей — вучыць іх ігры на скрыпцы, часта іграюць у касцёле…»

Пахаваюць Арцёма Казакевіча 27 красавіка ў Лагойску.

Nashaniva.com